Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ляўнікі заўсёды смаляць вусы тыгра, каб дух яго не праследваў іх потым.

— Вось які знайшоўся! — мармытаў Маўглі, здзіраючы скуру з нагі. Ты хочаш аднесці ў Канхівару, атрымаць грошы і, калі будзе твая ласка, мне дасі адну рупію? Дзякую, мне і самому патрэбна гэтая скура. Гэй, стары, хавай свой агонь!

— Як ты гаворыш з першым паляўніком, шчанё? Толькі сляпая ўдача і буйвалы далі табе гэтую здабычу. Тыгр толькі што пад'еў, а то ён паспеў-бы ўцячы за гэты час на дваццаць міль. Ты нават не ўмееш скуры зняць, як трэба, а яшчэ адважваешся казаць, каб я не паліў яму вусоў! У такім разе я не дам табе аніводнага рупіі, а дам чосу. Ідзі прэч!

— Клянуся Быком, што выкупіў мяне! — раззлаваўся Маўглі. — Што-ж гэта стаяць мне тут ды балбатаць з старой малпай? Сюды Акела! Гэты чалавек чэпіцца да мяне!

Бульдэа стаў, схіліўшыся над галавой тыгра, а потым раптам апынуўся на траве пад вялізным шэрым ваўком. А Маўглі здымаў сабе скуру далей, нібы ён адзін быў ва ўсёй Індыі.

— Так, — мармытаў ён праз зубы, — ты, Бульдэа хацеў усё забраць сабе. Але паміж Кульгавым Тыграм і мной старыя спрэчкі — і я перамог!

Трэба сказаць, што гадкоў з дзесяць таму Бульдэа пабароўся-б яшчэ з Акелам, калі-б сустрэў яго ў лесе. Але воўк, які слухаецца загадаў хлопчыка, — гэта ўжо не зусім звычайны звер. Апрача таго, хлопчык мае яшчэ нейкія асабістыя справы з тыграмі-перавертнямі.