Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

буйвалаў за ногі, і хоць статак зноў пабег да яра, але Маўглі ўдалося завярнуць Раму, а за ім пабеглі і ўсе іншыя да балота.

Шэр-Хана ўжо не трэба было больш таптаць: ён быў скончаны, і ўжо каршуны пачалі злятацца да яго.

— Сабаку сабачая смерць! — прамовіў Маўглі, вымаючы нож, які заўсёды насіў з сабою з таго часу, як жыў з людзьмі. — Ды ён і не адважыўся-б біцца! Валла, валла. Яго скура будзе мець дасканалы выгляд на Скале Рады. Цяпер хутчэй за работу!

Хлопчык, які гадаваўся сярод людзей, нават і не падумаў-бы сам адзін здымаць скуру з такога вялізнага тыгра. Але Маўглі добра ведаў як прыладжана скура звера і як да яе даступіцца. Але-ж работа была нялёгкая, і Маўглі рэзаў, рваў і бурчэў цэлую гадзіну, пакуль ваўкі ляжалі, высунуўшы языкі, ці па яго загадзе падскоквалі і дапамагалі цягнуць скуру.

Раптам нечая рука лягла на плячо Маўглі. Ён азірнуўся і ўбачыў Бульдэа са стрэльбай. Пастушкі расказалі ў вёсцы пра паніку сярод буйвалаў і раз'юшаны Бульдэа прыбег пакараць за гэта Маўглі. Ваўкі, убачыўшы чалавека, зараз-жа зніклі з вачэй.

— Ці не звар'яцеў ты! — сярдзіта крыкнуў Бульдэа. — Ты думаеш, што здолееш зняць скуру з тыгра? Які буйвал забіў яго? Ды гэта-ж Кульгавы Тыгр, і за яго галаву прызначана сто рупій! У такім разе мы даруем табе, што ты не даглядзеў скаціны, і нават я табе дам адну рупію, калі атрымаю ўзнагароду за яго скуру ў Канхівары!

Ён знайшоў у кішэні крамень і крэсіва і нахіліўся, каб абсмаліць вусы Шэр-Хана, тамтэйшыя па