Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адтуль высунулася вялізная шэрая галава, добра знаёмая Маўглі — і гарачае паветра напоўнілася дзікім клічам Джунгляў: паляўнічым выем ваўка ў поўдзень.

— Акела! Акела! — і Маўглі нават запляскаў у далоні. — Я павінен быў ведаць, што ты не забудзешся на мяне. Перад намі стаіць сур'ёзная справа! Падзялі статак напалам. Акела, каровы і цяляты хай будуць асобна, а быкі і рабочыя буйвалы хай будуць у другім баку.

Ваўкі змейкай прабеглі праз статак і выбеглі вон. Жывёлы захраплі, ускінулі гадовы і падзяліліся на дзве групы. У адной апынуліся буйваліцы з цялятамі ў сярэдзіне, вочы іх палалі, яны рылі зямлю капытамі і нарыхтоўваліся кінуцца на ваўка і растаптаць яго, як толькі той спыніцца. У другой групе храплі быкі і маладыя бычкі; яны складалі большую сілу, але здаваліся больш спакойнымі, бо ім не трэба было бараніць цялят. Нават шэсць пастухоў не маглі-б падзяліць статак так удала.

— Што-ж далей? — пытаўся Акела. — Яны зноў злучацца.

Маўглі ўскочыў на спіну Рамы.

— Гані, Акела, буйвалаў налева, а ты, Шэры Брат, калі мы пабягом, збяры разам кароў і гані іх у яр Вайнгунгі.