Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дакуль іх гнаць? — пытаўся Шэры Брат запыхаўшыся і ляскаючы зубамі.

— Гані датуль, пакуль берагі будуць такімі высокімі, што Шэр-Хан не будзе магчы выскачыць! — крычаў Маўглі. — Стрымлівай статак там, пакуль мы не прыбягом зверху!

Акела завыў і быкі кінуліся прэч, а Шэры Брат стаў перад каровамі. Яны рынуліся на яго, ён пабег да сухадола, каровы за ім, а Акела тымчасам гнаў кароў улева.

— Добра зроблена! Яшчэ крыху — і яны зусім ашалеюць! Толькі цішэй, цішэй, Акела, а то яны зараз нападуць на цябе. Ага, ага, гэта будзе крыху цяжэй, як гнаць аленяў! Ці думаў ты, што гэтыя стварэнні ўмеюць так шпарка рухацца? — крычаў Маўглі.

— У мой час... у мой час я і на такіх паляваў! — крычаў Акела сярод пылу. — Гнаць іх у Джунглі, ці што?

— Так, гані! Заварочвай! Рама зусім ашалеў. О, каб я мог сказаць, чаго я чакаю ад яго сёння!

Быкі завярнулі на гэты раз управа і рынуліся ў гушчар. А пастушкі, што пасвілі сваю жывёлу за поўмілі ад Маўглі, пабеглі з усіх ног у вёску з крыкам, што буйвалы ашалелі і ўцяклі.

План Маўглі быў досыць просты: яму трэба было са сваімі быкамі зрабіць вялікі круг і выйсці к пачатку сухадола, а адтуль пусціць быкоў уніз, каб Шэр-Хан трапіў паміж быкамі і каровамі. Маўглі добра ведаў, што Шэр-Хан, наеўшыся і напіўшыся, не здолее ні біцця, ні караскацца на сцены рова.