Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

носіць свае навіны каршунам. Але перш, як я яму перабіў хрыбет, ён мне паспеў расказаць пра ўсё. Шэр-Хан будзе пільнаваць цябе ў ваколіцы ў гэты вечар — цябе і больш нікога! Цяпер ён ляжыць у вялікім сухадоле Вайнгунгі.

— А што, ці ён ужо еў сёння, ці палюе нашча? — спытаўся Маўглі, ад адказу залежала яго жыццё і смерць.

— З рання ён задушыў парася, ды напіўся таксама. Ведай, што Шэр-Хан ніколі не пасціцца, нават калі рыхтуецца да помсты.

— О, дурань, дурное шчанё! Еў і піў, і думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспіцца! Але дзе ён цяпер ляжыць? Гэтыя буйвалы не нападуць, пакуль не пачуюць яго, а іхняй мовы я не разумею. Ці нельга як-небудзь зайсці на след, каб яны яго пачулі?

— Ён пераплыў Вайнгунгу ніжэй, каб заблытаць свае сляды, — адказаў Шэры Брат.

— Пэўна гэта яму падказаў Табакі, — сам-бы ён ніколі не дадумаўся.

Маўглі глыбока задумаўся, трымаючы палец у роце.

— У вялікім рове Вайнгунгі... Ён выходзіць на раўніну з паўтары мілі адсюль... Я магу пагнаць статак вакол Джунгляў да пачатку рова, а потым рынуцца ўніз... Але ён уцячэ праз другі канец. Трэба загарадзіць і гэты канец... Шэры Братка, ці не мог-бы ты для мяне разагнаць статак надвая?

— Я — не, але я затое прывёў кагосьці разумнейшага...

Шэры Брат пабег і шмыгнуў у нейкую яміну.