Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бой, а забяруцца ў лужыны і зарыюцца ў гразь так глыбока, што толькі насы ды вочы відаць. Так яны і ляжаць, нерухомыя, як бярвенні. Скалы калышацца ў гарачай імгле, да пастушкоў даносіцца пасвістванне каршуна (заўсёды аднаго). Яны ведаюць, што калі-б хто з іх памёр, ці падохла-б карова, дык гэты каршун спусціцца ўніз, за многа міль ад яго прыляціць і спусціцца бліжэйшы каршун, потым наступны — і не паспее жывёла памерці, як над ёй нямаведама адкуль збяруцца цэлыя сотні каршуноў!

Пастушкі спяць, прачынаюцца, зноў спяць, плятуць кошыкі з сухой травы і садзяць у іх конікаў. А то зловяць двух жукоў і прымушаюць іх біцца паміж сабой; майструюць каралы з чырвоных і чорных ягад, ці назіраюць яшчарак, што гуляюць па скале, або змяю, якая палюе на жаб каля сажалкі. То пяюць яны даўжэнныя песні з выкрунтасамі на канцы, і дзень здаецца ім даўжэй за жыццё іншага чалавека, то яны будуюць палацы з твані з глінянымі фігурамі людзей, коняй, буйвалаў, укладваюць дубцы ў рукі людзей і ўяўляюць, што самі яны цары, а фігуркі — іхнія арміі, ці бажкі, якім трэба пакланяцца. Так надыходзіць вечар. Дзеці пачынаюць крычаць, буйвалы з гучным