Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ого! Гэта гаворыць чарцянё з Джунгляў? — сказаў Бульдэа. — Калі ты такі разумны, дык аднясі яго скуру ў Канхівару. Урад-жа вызначыў сто рупій за яго жыццё. А самае лепшае — маўчаў-бы ты, калі гавораць старэйшыя!

Маўглі ўстаў каб ісці.

— Увесь вечар я ляжаў тут і слухаў, — сказаў ён, адыходзячы, — і толькі раз ці два сказаў Бульдэа праўду пра Джунглі, што знаходзяцца пад самым вашым носам. Як жа-ж я магу даваць веры казкам пра духаў, богаў і чарцей, якіх ён нібы сам бачыў?

— Ну, час ужо, хлопчык, адпраўляцца на начлег! — сказаў стараста, а Бульдэа аж соп ад абурэння.

У большасці індускіх вёсак хлопчыкі досвіткамі выганяюць дробную жывёлу і буйвалаў на пашу, а пад вечар прыганяюць назад. Той самы буйвал, які забівае белага чалавека насмерць, дазваляе хлопчыку, які ледзь дасягае яго носа, крычаць на яго, дражніць і біць лазінай. Пакуль пастушок трымаецца статка, яму не пагражае небяспека; нават тыгр не адважваецца нападаць на статак. Але варта толькі хлопчыку адысці ў бок, па кветку, ці па яшчарку, як яго ўжо можа схапіць тыгр.

Ледзь золак Маўглі ехаў па вясковай вуліцы на спіне Рамы, вялізнага перадавога буйвала. Сінія буйвалы, з даўгімі загнутымі назад рагамі і дзікім позіркам, адзін за адным уставалі ў сваіх хлявах і ішлі следам за імі. Маўглі вельмі выразна паказаў сваім таварышам-хлопчыкам, што гаспадаром буйвалаў будзе ён, а ніхто іншы. Ён лупцаваў буйвала даўгім паліраваным бамбуковым кіем і загадаў Кам'е, аднаму