Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адзін аднаму дзіўныя прыгоды з багамі, людзьмі і духамі. А яшчэ больш дзіўныя рэчы расказваў Бульдэа пра звяроў Джунгляў, расказваў датуль, пакуль у хлапцоў, што сядзелі за імі, аж вочы павылазілі на лоб ад страху. Героямі гэтых апавяданняў былі жывёлы, што жылі побач у Джунглях. Алені і дзікі псавалі пасевы, а час ад часу тыгр у змроку хапаў чалавека на вачах усёй вёскі.

Маўглі, які добра ведаў Джунглі, некалькі разоў закрываў твар, каб не паказаць смеху. А Бульдэа, палажыўшы славутую стрэльбу на калены, плёў сабе бязглуздыя гісторыі адну за адной, так што Маўглі аж тросся ад стрыманага рогату.

У гэты вечар Бульдза абвясціў, што тыгр, які сцягнуў сына Месуі, быў пераварацень, што ў целе яго сядзіць дух злога старога ліхвяра, які памёр некалькі год назад.

— Я перакананы, што гэта так, — казаў ён. — Пурун-Дас жа-ж кульгаў з таго часу, калі палілі яго канторскія кнігі, і ён уступіў у бойку. А тыгр, пра якога я кажу, таксама кульгае, бо пакідае няроўныя сляды.

— Але, але, гэта праўда! — казалі дзяды, матаючы сівымі бародамі.

— Няўжо-ж і ўсе яго апавяданні такая самая балбатня і выдумка? — умяшаўся Маўглі. Гэты тыгр кульгае проста таму, што ён нарадзіўся кульгавым — хто-ж гэтага не ведае! Казаць пра душу ліхвяра ў звяры, які ніколі не меў нават мужнасці шакала, можа толькі дзіця!

Бульдэа ад здзіўлення разявіў рот, а стараста вылупіў вочы.