Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прапанаваў яму раззлаваць бажка, і тады ён, Маўглі, пабораецца з ім. Гэта быў страшэнны скандал, але жрэц не агаласіў яго, а палічыў за лепшае выцягнуць ад мужа Месуі пэўную колькасць срэбра на тое, каб „уласкавіць бога“.

Таксама Маўглі не меў ніякага ўяўлення аб той розніцы, якую кладзе каста[1] паміж людзьмі. Калі асёл ганчара зваліўся ў яму, Маўглі выцягнуў яго за хвост; ён памагаў яшчэ складваць гаршкі, калі трэба было адпраўляць іх на рынак у Канхівару. Гэта было скандальнай справай, бо ганчар належыць да ніжэйшай касты, а яго асёл — тым болей. Калі-ж жрэц пасварыўся на Маўглі, дык той прыстрашыў, што самога жраца пасадзіць на асла!

Тады жрэц параіў мужу Месуі як мага хутчэй знайсці для Маўглі якую-небудзь работу. І праз некаторы час вясковы стараста абвясціў Маўглі, што ад заўтрашняга дня ён павінен будзе ганяць буйвалаў на пашу.

  1. Даўнейшыя ўладары Індыі, жрацы, падзялілі насельніцтва на групы, касты, паводле іх соцыяльнага стану. Вышэйшай кастай лічыліся жрацы, потым воіны, гандляры, далей рамеснікі, земляробы і г. д. Ніжэйшымі былі мяшаныя касты беднякоў (парыі і інш.). Ніхто ніколі не мог перайсці з ніжэйшай касты ў вышэйшую. Шлюбы паміж кастамі былі забаронены. Вышэйшыя касты ставіліся да ніжэйшых з надзвычайнай пагардай. Знявага да вышэйшай касты жорстка каралася, нават смерцю. А ніжэйшыя касты лічыліся горшымі за жывёлы. Да іх нельга было дакрануцца, бо тады чалавек апаганьваўся. Жыць яны павінны былі асобна, карыстацца маглі толькі чарапкамі ад пасуды, насіць адзенне мерцвякоў, гадаваць маглі толькі сабак і аслоў і г. д. Цяпер такога парадку афіцыйна няма; няма і такіх дзікіх форм, але фактычны падзел на касты яшчэ застаецца; застаецца і агульны характар адносін да ніжэйшых каст. Якіх-небудзь 30-40 гадоў назад нават афіцыйна 14 проц. насельніцтва належала да ніжэйшай касты.