Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго і ў той-жа самы дзень ён ужо ведаў назвы шмат якіх прадметаў у хаце.

Маленькае непаразуменне вышла, калі трэба было класціся спаць. Маўглі ні ў якім разе не хацеў класціся ў нейкай пастцы для пантэр, як ён называў хату, — і калі зачынілі дзверы, ён вылез праз акно.

— Хай робіць, як хоча, — сказаў муж Месуі. — Падумай сабе: можа ён ніколі яшчэ не спаў у пасцелі! Калі ён сапраўды пасланы нам заместа сына, дык ён і так не ўцячэ.

А Маўглі вышаў за ваколіцу і з прыемнасцю расцягнуўся ў высокай, чыстай траве. Але не паспеў ён заснуць, як мяккі вільготны нос штурхнуў яго ў падбародак.

— Ф'ю! — сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з шчанят Маткі Ваўчыхі). — Дрэнная ўзнагарода за тое, што я сачыў за табой дваццаць міль: ты пахнеш дымам і хатняй жывёлай, акурат як чалавек. Прачніся, Братка, я прынёс навіны!

— Ці ўсё добра ў Джунглях? — спытаў Маўглі і абняў ваўка.

— Усё, апрача ваўкоў, абсмаленых Чырвонай Кветкай. Ну, слухай: Шэр-Хан адправіўся паляваць