Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Каго тут баяцца? — сказаў жрэц. — Гляньце на яго рукі і ногі — на іх сляды ад воўчых укусаў. Гэта-ж воўчае дзіця, якое ўцякло з Джунгляў.

Вядома, гуляючы з Маўглі, ваўчаняты нярэдка шчыпалі яго досыць моцна, і яго рукі і ногі ўсюды былі пакрыты белымі шрамамі; але Маўглі ніколі не назваў-бы гэтых шчыпкоў укусамі: ён ведаў, што такое сапраўдныя ўкусы.

— Аррэ, аррэ — ах! ах! — прамовілі дзве-тры жанчыны. — Небарака, як ён пакусаны ваўкамі! Але-ж ён прыгожы хлопчык: вочы ў яго, нібы вугальчыкі! Дапраўды, Месуа, ён падобны да хлопчыка, якога ўнёс у цябе тыгр.

— Давайце паглядзім, — прамовіла жанчына з шырокімі меднымі кольцамі на руках і нагах. Прыставіўшы далонь к ілбу, яна ўважліва аглядзела Маўглі і сказала: — Не, гэта не ён: у яго худзейшае цела. Але вочы ў яго акурат як у майго хлопчыка!

Жрэц быў чалавек кемлівы і ведаў, што муж Месуі самы багаты чалавек у вёсцы і што ад яго можна пажывіцца. З хвіліну ён глядзеў на неба, а потым урачыста прамовіў:

— Джунглі ўзялі, Джунглі далі! Вазьмі хлопчыка ў свой дом, о сястра, і не забудзься ўшанаваць жраца, які бачыць наскрозь жыццё чалавека!..

— "Клянуся Быком, што выкупіў мяне, — сказаў сам сабе Маўглі, — ўся гэтая балбатня вельмі нагадвае, як мяне аглядалі ў Зграі. Ну, што-ж — чалавек, дык чалавек!"

Людзі разышліся, а жанчына знакамі паклікала за сабою Маўглі ў хату, дзе стаяў чырвоны лакіраваны