Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перапынку прабег не менш як дваццаць міль, пакуль не прыйшоў у незнаёмую мясцовасць.

Даліна пераходзіла ў шырокую раўніну, па якой былі раскіданы скалы і глыбокія равы. На адным канцы раўніны стаяла вёска, а на другім цямнеліся Джунглі, якія шырокай дугой падыходзілі да пашы і тут раптам спыняліся. Па ўсёй раўніне пасвіліся зебу і буйвалы.

Калі пастухі ўбачылі Маўглі, дык з крыкамі пабеглі ад яго прэч, а жоўтыя бяздомныя сабакі, што бадзяюцца каля кожнай індускай вёскі, пачалі брахаць.

Маўглі ўсё ішоў наперад, — ён быў галодны, — і калі падышоў да ваколіцы, дык убачыў, што ўваход у вёску загароджаны калючым галлём. У сваіх начных пошуках спажывы Маўглі не раз сустракаў такія барыкады.

"Значыцца і тут людзі баяцца племя Джунгляў", — падумаў ён і сеў каля форткі.

Праз некаторы час падышоў нейкі чалавек. Маўглі ўстаў, расчыніў рот і паказаў пальцам, што хоча есці. Але чалавек вылупіў вочы і пабег назад па вуліцы, да жраца, тоўстага мужчыны ў белым убранні, з чырвонымі і жоўтымі палосамі на лобе. Жрэц пайшоў да Маўглі, а за ім пацягнулася яшчэ прынамсі сотня людзей. Усе яны балбаталі, крычалі, дзівіліся на Маўглі і тыкалі ў яго пальцамі.

— Зусім не ўмеюць трымаць сябе, гэтыя людзі! — сказаў сам сабе Маўглі. — Акурат як тыя Шэрыя Малпы.

Ён адкінуў свае даўгія валасы назад і нахмурыўся.