Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ніхто не ведае, апрача тыгра ды нас, сланоў, патомкаў Тха. А цяпер і вы ведаеце. А я скончыў — і Хаці апусціў хобат у ваду ў знак таго, што не жадае больш гаварыць.

— А чаму-ж тыгр не еў, як і раней, траву і лісце з дрэў? — спытаўся Маўглі, звярнуўшыся да Балу. — Ён-жа толькі забіў аленя, але не еў яго. Чаму-ж ён пачаў есці мяса?

— Ён раззлаваўся на дрэвы і ліяны за тое, што яны адзначылі яго і зрабілі паласатым, — адказаў Балу. Вось чаму ён і кінуў есці іх. А каб адпомсціць ім, ён пачаў есці тых жывёл, якія ядуць траву.