Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пра стрэльбу), ён-жа прыносіць Чырвоную Кветку і выганяе ўсіх з Джунгляў. Але адну ноч у год Безвалосы баіцца Тыгра, як абяцаў Тха, і тыгр забівае яго, дзе знойдзе. А ўвесь астатні час Страх вольна ходзіць па Джунглях і ў ноч”.

— Толькі адну ноч баіцца Чалавек тыгра? — пераспытаў Маўглі.

— Толькі адну ноч, — адказаў Хаці.

— Але-ж, мы ўсе ведаем, што Шэр-Хан забівае Чалавека два і тры разы ў месяц!

— Гэта так. Але тады ён кідаецца ззаду і нават адварочвае галаву, каб не глядзець, бо адчувае Страх. Каб Чалавек зірнуў на яго ў гэты момант, — ён-бы ўцёк. А ў гэтую ноч ён ходзіць вольна па сялібах, сярод хат, нават прасоўвае галаву ў дзверы, — а людзі падаюць перад ім ніц, і ён забівае толькі аднаго Чалавека ў гэтую адзіную ноч.

— Цяпер я разумею, чаму Шэр-Хан папрасіў, каб я паглядзеў на яго! — прамармытаў Маўглі, плёхаючыся ў вадзе. — Ён думаў, ці не ўпаду і я перад ім ніц у гэтую ноч? Але-ж я не Чалавек, я сын Вольнага Племя.

— Не ведае да таго часу, пакуль Нябесны Шакал не ўстане ў вячэрнім тумане. Часам гэта прыпадае на сухое лета, часам на перыяд дажджоў, гэтая адзіная ноч Тыгра. Калі-б не Першы з Тыграў, гэтага ніколі-б не здарылася і ніхто з нас не ведаў-бы Страху.

Алені са шкадаваннем чмыхнулі. Багіра злосна ўсміхнулася.

— А людзі ведаюць гэтую... казку? — спыталася яна.