Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
ЗАКОН ДЖУНГЛЯЎ

Каб даць некаторае разуменне аб рознастайных Законах Джунгляў, мы падаем тут тую частку іх, якая была абавязковай для ваўкоў. Балу чытаў іх нараспеў, сплюшчыўшы вочы і хістаючыся з боку ў бок. Наогул Законаў Джунгляў вельмі многа — мы падаем толькі тыя, што прасцей.

Законы Джунгляў вечныя, нязменныя, як неба.

Шчаслівы той Воўк, які выконвае Закон! Гора таму, хто яго парушае!

Закон абвінае ўсё жыццё Джунгляў, як ліяна абвінае дрэва.

Зграя магутная, калі ўсе Ваўкі дружныя; кожны Воўк магутны, калі Зграя дружная.

Штодзень купай сваё цела, ваду пі не з самага дна.

Памятай, што ноч — для палявання, а дзень — для сну.

Не чакай чужой здабычы, здабывай сабе сам.

Не прыстала Ваўку карыстацца рэшткамі ад Тыграва стала; хай жывіцца гэтым застольнік яго — Шакал.

Не турбуй Уладара Джунгляў — Хаці, не чапай ні Тыгра, ні Мядзведзя, ні Пантэры, ні Дзіка.

Калі Зграя сустрэнецца са Зграяй на вузенькай сцежцы, стой спакойна і чакай, пакуль важакі дагаворацца.