Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

у часе халадоў. Ты не быў да яго літасны, і ён не будзе да цябе літасны". — "Абяцанне Тха ёсць абяцанне Тха; не адбярэ-ж ён ад мяне маёй ночы?" — дзёрзка сказаў Першы з Тыграў. І адказаў Тха: "Ноч, як я казаў, застаецца тваёй, але цяпер за яе трэба заплаціць. Ты навучыў Чалавека забіваць, а ён — здольны вучань". — "Вось ён пад маёй нагой, і хрыбет яго зламаны!" — адказаў Першы з Тыграў. — Абвясці Джунглям, што я забіў Страх! Але Тха засмяяўся і сказаў: "Ты забіў толькі аднаго з іх. Але ты лепш сам раскажы, бо ноч твая ўжо скончылася!"

Надышоў дзень, і каля ўваходу ў пячору паказаўся другі Безвалосы. Ён убачыў мерцвяка на сценцы і Першага з Тыграў над ім, узяў завостраную палку...

— Ён кінуў у яго палку, якая рэжа! — крыкнуў сагі, стукаючы сваімі ігламі.

Лясны народ, гонды, лічаць мяса іглака вельмі смачным. Дзякуючы гэтаму іглакі добра ведаюць вострыя нажы, якія гонды кідаюць так ёмка, што яны лятуць, як маланка, і акурат трапляюць у іглака.

"Не, гэта вострая палка была такая, якую яны кладуць цяпер каля пастак, — сказаў Хаці. — Чалавек кінуў, і яна глыбока засела ў целе Першага Тыгра. Першы з Тыграў з выем пабег прэч і качаўся па Джунглях, пакуль не вырваў палку. Усе Джунглі даведаліся, што Безвалосы ўмее біць здалёк, і пачалі яго баяцца яшчэ больш. Вось як Першы з Тыграў навучыў Безвалосага забіваць наша племя! Чалавек робіць пасткі, рые ямы, кідае вострыя палкі і нешта пякучае, што вылятае з белага дыму (Хаці думаў