Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гразь, дык яна пэўна змыецца", — параіў Тха. І Першы з Тыграў пачаў плаваць, качацца, і качаўся да таго, што аж Джунглі закружыліся перад яго вачыма. Але ніводная палоска, ніводная плямінка на яго скуры не змянілася, а Тха глядзеў на яго ды смяяўся. І сказаў Першы з Тыграў: "Што я зрабіў? Завошта на мяне такая бяда?" Тха адказаў: "Ты забіў аленя, пусціў Смерць у Джунглі, а са Смерцю прыйшоў Страх — жыхары Джунгляў баяцца адзін аднаго, а ты баішся Безвалосага".

І сказаў Першы з Тыграў: "Яны не будуць баяцца мяне, ведаю здаўна". "Ідзі і глядзі!" — адказаў Тха. І Першы з Тыграў бегаў па лесе, клікаў аленяў, свіней, Самбгураў і Іглака, і ўсіх жыхароў Джунгляў, але ўсе ўцякалі ад таго, хто быў іхнім суддзёй, усе баяліся яго. Вярнуўся Першы з Тыграў; гордасць яго была зняважаная, ён біўся галавой вобземлю, ірваў на сабе валасы і крычаў: "Успомні, што я калісьці быў Уладаром Джунгляў. Не забудзься на мяне, о Тха! Хай мае дзеці ведаюць, што калісьці я не ведаў Сораму і Страху". І сказаў Тха: "Я зраблю гэта, бо мы разам з табой бачылі, як ствараліся Джунглі. Адна ноч у годзе будзе такой, якая была ў дзень забойства аленя, для цябе і для тваіх дзяцей. У гэтую адзіную ноч, калі ты сустрэнеш Безвалосага (а імя яму — Чалавек), ты не будзеш яго баяцца, а ён будзе баяцца цябе, нібы ты Суддзя і Ўладар Джунгляў. Будзь літасны да яго ў гэтую ноч страху, бо ты сам пазнаў, што такое Страх!"

"І адказаў Першы з Тыграў: "Я задаволены!" Але калі ён зірнуў на свае чорныя палосы і ўспомніў