Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скакаць уверх і ўніз па дрэвах. І калі Тха вярнуўся, ён убачыў, што Шэрая Малпа вісіць уніз галавой на суку і строіць кпіны з народу, а тыя адказваюць ёй таксама. І не сталася Закону ў Джунглях — адна балбатня і бязглуздыя словы.

"Тады Тха склікаў нас усіх і сказаў: "Першы з нашых ўладароў прынёс у Джунглі Смерць, а другі — Сорам. Прыйшоў час даць нам Закон, якога вы не парушалі-б. Цяпер вы пазнаеце Страх. І калі вы знойдзеце яго, вы зразумееце, што ён ваш Уладар, а рэшта прыйдзе сама сабой. "Што такое Страх?" — спыталіся мы. Тха адказаў: "Шукайце, пакуль не знойдзеце! І вось мы пайшлі па Джунглях шукаць Страх, а буйвалы...

— Брр! — прамовіў Міза, важак буйвалаў з сваёй мялізны. — "Так, Міза, гэта былі буйвалы. Яны прынеслі вестку, што ў пячоры ў Джунглях сядзіць Страх, што на ім няма валос і што ён ходзіць на задніх лапах. Мы пайшлі за буйваламі, падышлі да гэтай пячоры і каля ўваходу ў яе ўбачылі Страх, ён быў безвалосы і стаяў на задніх лапах. Убачыўшы нас, ён закрычаў, і ад яго голасу мы адчулі жах. Мы пабеглі прэч, топчучы адзін аднаго, бо мы адчувалі страх. У гэтую ноч — казалі мне — мы ўжо не ляжалі разам, як было раней, а кожнае племя трымалася паасобку, — свінні са свіннямі, алені з аленямі, ды і то рог да рога, капыта да капыта. І так ляжалі мы ў Джунглях, трасучыся...

"Але Першага з Тыграў не было з намі. Ён усё яшчэ хаваўся ў Балотах Поўначы. Пачуўшы пра тое, што ў нас робіцца, ён сказаў: "Я пайду да гэтага