Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

як нападаць на Чалавека, ды яшчэ на нашай зямлі.

Закон Джунгляў, які нічога не вызначае без прычыны, забараняе зверу есці Чалавека, апрача тых выпадкаў, калі навучаюць дзяцей паляванню; але тады ён павінен паляваць не на ўчастку сваёй Зграі, ці Племя.

Сапраўдная-ж прычына гэтай забароны крыецца ў тым, што паляванне на Чалавека раней ці пазней выклікае паход белых людзей на сланах, са стрэльбамі, і некалькі соцень цёмнаскурых з барабанамі, ракетамі і факеламі.

Тады ўжо дастаецца ўсім жыхарам Джунгляў.

Тымчасам мурканне рабілася ўсё мацнейшым і, нарэшце, пачулася грамовае "гарр", калі тыгр робіць напад. Потым зноў скавытанне.

— Шэр-Хан прамінуўся, — заўважыла Маці Ваўчыха. — Што такое з ім?

Бацька Воўк прабег некалькі крокаў і пачуў дзікі рык і сопат тыгра, які ваўтузіўся ў зарасніку.

— Дурань трапіў у вогнішча дрывасека і абапёк сабе лапы, — рыкнуў Бацька Воўк. — З ім Табакі!

— Нехта ўзбіраецца на гару, — прамовіла Маці Ваўчыха, натапырыўшы вуха. — Рыхтуйся!

У гушчары крыху зашамацелі кусты. Бацька Воўк падагнуў ногі, сціснуўся і падрыхтаваўся скокнуць.

— Чалавек! — крыкнуў ён, ляснуўшы зубамі. — Чалавечае Дзіцянё! Глядзі!