Старонка:Курганная кветка (1914).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А, чуць месяц зноў засьвеціць, па люстранай вод раўніне
Будзем лёгка пранасіцца і купацца і гуляць!…

Да русалак даляцела жальба сплаканай русалкі,
І, сарваўшыся ўсе роем да яе яны бягуць,
А с-пад ног іх, у брылянты прамяністы пазменяны,
С шумам брызгі вадзяные паднімаюцца лятуць.

І, пабраўшыся за рукі, ўсе русалкі лёгкім колам
Каля сплаканай русалкі сталі весела гуляць, —
Да сябе яе прасілі і сьмеяліся, круцілісь,
Ўрэшці ціхім стройным хорам пачалі яны пеяць:

— «О, не плач! Не плач, сястрыца, што твой мілы не прыходзіць.
«Прыкажы, і, што ты хочэш, мы усё табе дадзім!
«Толькі ты аб ім ня думай! Во, глядзі: схаваўся месяц.
«Хадзі! Разам у палац мы наш падводны паляцім».

І зе за рукі ўзялі, — лёгка-лёгка, у тахт песьні,
Закруцілісь і прапалі у халоднай глыбіне.
Сьціхла ўсё… І толькі ў далі сьпеў русалчын раздаваўся.
І па сонных вод раўніне данасіўся да мяне…

|}