Старонка:Крытыка (Гародня).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тады перад намі будзе шырока адчынены шлях культурнага разьвіцьця, культурнага ўздыму шматмільлённае нашае працоўнае масы.

Дудар верыць у гэты культурны ўздым, ён верыць, што ў сваім культурным будаўніцтве пасьля шматвяковага заняпаду Беларусь дасягне нябывалых вышынь, калі:

прыгажэйшы ў сьвеце край
для будучыны дарам не загіне —
і сотні Рафаэляў і Чэліні
у фарбах бацькаўшчыны нашай дагараць —

(ст. 12).

Увесь зборнік „Вежа“ — вельмі суцэльны і паказвае, што памылкі ў Дудара ўжо ў мінулым, як у мінулым у яго і тыя пэсымістычныя настроі, што так выразна выступаюць у некаторых вершах з папярэдняга яго зборніку „І залацісьцей і сталёвей“.

Наогул вершы Дудара ў пераважнай сваёй большасьці эмоцыянальна моцна насычаныя, дынамічныя, ня толькі паводле формы, але і паводле зьместу, паводле агульнае свае пабудоўкі.

Характэрна, што нават вершы пісаныя з прычыны розных афіцыйных урачыстасьцяй, юбілеяў ці сьвят не схэматычныя, наадварот, надзвычайна цёплыя. У іх Дудар умее даць сапраўдныя перажываньні, паказаць жывых людзей з іх горам і з іх радасьцямі. У іх адчуваецца душа аўтара.

На вялікі жаль, эмоцыянальнасьць натуры Дудара мае і дрэнныя бакі: ён захапляецца ня толькі тым, што бачыць навакол сябе, ён захапляецца і літаратурай, якую ён чытае, яе тэматыкай, яе настроямі.

Адгэтуль часам (хаця, трэба сказаць, рэдка) некаторыя яго вершы выходзяць ня зусім самастойнымі. Мы лічым, што сіла таленту Дудара бязумоўна ў дастатковай ступені высокая, каб гарантаваць яго ад патрэбы кагокольвек насьледаваць. Але акурат таму, мы змушаны вымагаць ад яго больш крытычных адносін да свае творчасьці.

Ня гледзячы на ўсе свае хібы, ня гледзячы нават на тыя нежаданыя ўхілы, якія ў мінулым прасочваліся ў яго творчасьці, чытач ўсё-ж такі адчувае, што Дудар — наш, пролетарскі поэта. І „Вежы“, як і кожную наогул яго кніжку, мы вітаем, як новы ўклад у беларускую пролетарскую літаратуру.

Яндораг.