Старонка:Крытыка (Гародня).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Для будучыны дарам не загіне“. Алесь Дудар. Вежа. Выд. БДВ, Менск. 1928 год, ст. 59. Цана 65 кап.

Шчырая любоў да роднае краіны займае пачэснае месца ў мотывах творчасьці Алеся Дудара. З вялікім замілаваньнем малюе ён мінулае і сучаснае свае бацькаўшчыны.

У той-жа час у зборніку зусім выразна выступае і клясавая лінія Алеся Дудара, яскрава выступае ўся ненавісьць яго да паноў, да абшарнікаў, да буржуазіі, якая яшчэ дагэтуль трымае ў сваіх кіпцюрох амаль палову нашае бацькаўшчыны. І братом сваім, якія стогнуць у белапанскай няволі прысьвечаны не адзін з радкоў „Вежы“.

У большасьці выпадкаў мотывы нацыянальныя ў творчасьці Дудара пераплятаюцца з мотывамі соцыяльнымі. І гэта зусім правільна: нацыянальнае змаганьне не зьяўляецца для нас самамэтаю, для нас яно зьяўляецца толькі сродкам да ўзьняцьця агульнага культурнага ўзроўню нашых працоўных мас.

„І заход і ўсход з нязьлічаных вякоў
выдатных мастакоў сусьвету падарылі
і толькі Беларусь падрэзаныя крыльлі
аздобіла ў нядолю боль і кроў“.

(ст. 12).

Гаворыць Дудар. І прычыны гэтага заняпаду для Дудара зусім ясныя. Яны ляжаць у тым, што:

„Мы з году ў год
з убогіх ураджаяў
за сьмерць і за жыцьцё плацілі чынш.
Каму, каму мы ніў сваіх ня жалі?
апякуноў над намі — хто-б зьлічыў?

(ст. 14).

Апякуны гэтыя ў мінулым. Праўда — яшчэ і цяпер перапоўнены лепшымі сынамі беларускага працоўнага народу астрогі Вільні, Горадні, Беластоку, Берасьця, Пінску. Праўда, у Косаве разьюшаныя паны яшчэ расстрэльваюць беларускіх сялян толькі за тое, што:

„Выйшлі яны з грамадой
з горам сваім, з жальбой,
раны і крыўды свае
вынесьлі ў белы сьвет“…

(ст. 17).

І Дудар верыць, што:

„Устане і наша зара,
бедны дабраны край!
У бурах засыпле жвір
межы на целе жывым“…

(ст. 18).

Большасьць вершаў зьмешчаных Дударом у „Вежы“ прасякнуты бадзёрасьцю. Дудар верыць, што прыдуць сьветлыя „Палаючыя“ дні. Ен з надзеяй глядзіць на будучыну, бо ведае, што:

„На сьценах варшаўскіх вакзалаў
рахункі напішам мы стальлю штыхоў,
пад воблеск сусьветных пажараў“.

(ст. 23).

І тады, калі рэволюцыя зьнішчыць да шчэнту соцыяльна-экономічныя ланцугі, якімі дагэтуль яшчэ скаваны нашы браты Заходняй Беларусі, калі ня будзе больш эксплёататараў і эксплёатаваных, тады ня будзе і нацыянальнага ўціску, тады вырашана будзе нацыянальнае пытаньне,