Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якія скончыліся ўстанаўленьнем Савецкай улады, ва ўмовах якой канчаткова формуецца і ўзмацняецца новая Савецкая Беларусь.

Аднак ідэолёгічнае асьвятленьне п'есы ў параўнаньні з гэтым замыслам ня зусім удалося аўтару і пасьля пастаноўкі п'есы на сцэне выклікала шэраг сур'ёзных крытычных заўваг. Гэта ідэолёгічная нявыразнасьць абумоўліваецца,―як мне здаецца,―між іншым, і самой структурай пьесы, галоўным чынам, двума у ёй момантамі:

1) паказваючы адмоўныя бакі дарэволюцыйнага быту, аўтар не паставіў супроць ім даволі выразна дадатных бакоў новага быту, і чытач, высьмейваючы разам з аўтарам старое, ня бачыць новага ў яго значных праявах;

2) як старое, так і новае (насколькі яно ўвайшло ў п'есу) усё пераламляецца ў карыкатурнай асобе Знасілава і некаторых другіх асобах п'есы, як у крывой люстры; загэтым у чытача і гледача п'есы (асабліва пры няўдалай яе пастаноўцы) можа ўтварыцца памылковае ўражаньне, што аўтар малюе спрэс сатыру як на адыходзячы быт, так і на той, які прыходзіць яму на зьмену. Зазначаны былі і другія недахваты ў ідэолёгічным баку п'есы, і, бязумоўна, у гэтым дачыненьні яна патрабуе перагляду.

У адпаведнасьці з тэмаю гэтага нарысу мяне цікавіць галоўным чынам мастацкі бок, да якога я і пераходжу. У мастацкіх адносінах гэтая п'еса удалася аўтару значна менш, чым дзьве ранейшыя. Перш за ўсё ня ясны самы жанр гэтай п'есы. У ёй ёсьць і сцэны рэальна-бытавога малюнку, і фарсавыя месцы, і занадта згушчаныя карыкатуры, і некаторыя прэтэнзіі на алегорызм і сымболізм.

Бязумоўна, драматургу шляхі да новатворчасьці не заказаны: ён можа пісаць і па-за ўстаноўленымі жанрамі; але ў такім выпадку трэба даць што-небудзь сапраўды новае ў сэнсе драматургічнай архітэктонікі і, такім чынам, вызначыць тычкі для новага жанру. Калі-ж драматург ня хоча або ня можа стварыць новае ў галіне жанру, ён павінен у такім выпадку надаць твору які-небудзь з выпрацаваных творчай практыкай жанраў, таму што, у адваротным выпадку, ён рызыкуе пазбавіць сваю п'есу пэўнага мастацкага аформаваньня. Гэтага якраз аформаваньня і не хватае ў п'есе „Тутэйшыя". Чытач зьбіты з толку і ня ведае, як яго ўспрымаць, як нешта рэальна-бытавое або як штосьці ўмоўна-алегорычнае, як надзіўную карыкатуру або як сатыру на рэчаіснасьць. Калі ўжо ўпарта адшукваць для гэтай п'есы які-небудзь пэўны жанр, дык яна бліжэй падыйдзе да шаблёну тых комэдый, якія склаліся на грунце вонкавага насьледаваньня драматургічнай манеры францускага клясыцызму: у ёй адчуваецца яскравае падзяленьне асоб на станоўчых і адмоўных, ёсьць рэзонёры, ёсьць перавялічаная карыкатурнасьць, ёсьць штучныя сытуацыі і сцэны, відам сымэтрычнага зьяўленьня ў трох актах двох вучоных і ва ўсіх чатырох актах аднэй і тэй-жа групы часьцей Мікіты Зноска і г. д. Пры адпаведнай сцэнічнай пастаноўцы, п'еса можа выліцца ў форму бытавога фарсу, але ў чытаньні яна не дае поўнага ўражаньня нават і такога жанру, як бытавы фарс.

Гэты ўхіл у бок вышэйзазначанага шаблёну няспрыяюча адбіўся і на зарысоўцы бытавых малюнкаў і цэлага шэрагу дзеючых асоб. Нават калі прыняць пад увагу, што аўтар наўмысьля стараўся даць карыкатуру, дык і ў такім выпадку яго карыкатура ня можа быць прынята бяз сур'ёзных агаворак, таму што ў композыцыі гэтай карыкатуры не захавана мастацкая мерка, і карыкатура вышла вельмі адарва-