Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

най ад жыцьця, што недапусьціма ў п'есе, якая пратэндуе хутчэй на рэальны малюнак, чым на алегорыю або сымболічную схэму. Прывядзём некалькі прыкладаў гэтай празьмернай карыкатурнасьці. Перш за ўсё вельмі карыкатурны асноўны гэрой п'есы, як па вонкавай сваёй абмалёўцы, так і па ўнутраной, псыхолёгічнай композыцыі. Яго карыкатурнасьць адчуваецца больш усяго ў яго размовах, надуманных і малажыцьцёвых. Калі ён вітаецца, дык гаворыць "здрасьціце"; знаёмую даму ён называе "мадам-сеньёра", начальніка патруля ён тытулюе "ваша таварыскае родзіе" і "ваша чырвоная міласьць"; да прадмету свайго каханьня ён зьвяртае якісьці недарэчны набор слоў, які на ўдачу ці мог калі-небудзь прысьці ў галаву нават самаму палкаму любоўніку ў г. Менску,―ён называе яе "хэрувімская мамзэль“, „сэрафімская мамзэль", "мадоністая мамзэль", "жыватворнакрынічная мамзэль", "каханьне маё вульканічнае". Практыкуючыся ў нямецкай мове, ён стараецца "гергетаць панямецку" як можна карыкатурней; "гэр германіш", "балабоста прусіш", „шабас гут“, "кіндар фатэрлянд" і г. д. Аб сваёй чыноўніцкай годнасьці ён гаворыць проста мовай якойсьці тарабаршчыны: "О, ранга мая асэсарская. О, кляса мая бонтонная, беспардонная(?)!" Гасьцей сваіх ён імянуе "мадамы і мусь", і чытач у зьдзіўленьні пытаецца сябе, у якіх колах тагочаснага Менску гаварылі на такой мове.

Не падлягае сумненьню, што ў свой час у Менску, як і ў другіх гарадох, было шмат экзэмпляраў не далёкіх разумова і сьмяхотных па сваіх замашках колескіх рэгістратараў і асоб больш высокіх рангаў; але такога карыкатурнага дзівака, якім стараецца выявіць сябе Мікіта Зноскаў, наўрад ці ўтварала нават больш глухая провінцыя. Ня менш карыкатурны і другія асобы, узятыя ў сваіх размовах і ў драматургічным становішчы. Такія якраз два вучоныя, якія прарабляюць усё адны і тыя-ж цэрамоніі і якія напамінаюць сабою ні то фігуры з лялячнага тэатру, ні то алегорычных пэрсонажаў з старой школьнай драмы; некалькі шаржыраваны таксама Сьпічыні і немец першага акту п'есы.

Карыкатурна ў сваім абыходжаньні і дама ("мадам-сэньёра"), якая праз акуляры з ручкай з захапленьнем аглядае на Мікіце мундзір колескага рэгістратара, выяўляючы тым залішнюю наіўнасьць, якая дарэчы хутчэй глухой вёсцы, чым гораду Менску. Некаторая карыкатурнасьць прыдадзена аўтарам і аднэй з рэальных фігур п'есы ― Ганулі, матцы Мікіты, якая часамі ў свае простыя і жыцьцёвыя размовы ўстаўляе па волі аўтара такія выразы, якія гучаць у яе вуснах як не уласьцівы ёй шарж; так яна сваю госьцю даму называе "мадама музей“, а папа заместа "ацец духоўны" (як вучыць гаварыць яе сын) гаворыць "святой угодник", што кепска вяжацца з звычайнай простай размовай яе быту.

Гэтая зьлішняя карыкатурнасьць, да таго-ж карыкатурнасьць нявытрыманая ў сэнсе стылю (таму што і ў карыкатуры патрэбен стыль) пашкодзіла аўтару даць пэўнае аформаваньне паасобным сцэнам, вобразам і асобам сваёй п'есы і нават адбілася нявыгадна на разьвіцьці дзеяньня і на яго разьвязцы. Загэтым, калі сюжэт і задуманы добра, дык разьвіты і закончаны няўдала: галоўны герой і асобы яго абваколяньня па першапачатковаму замыслу павінны выяўляць сабою грамадзкія станы дарэволюцыйнага быту, якія захоплены вайной і рэволюцыяй, а сапраўды ўсе яны проста сьмешныя і дзіўныя людзі, якія нічога сабою выявіць ня могуць, апрача кепска зробленай карыкатуры. Адсюль і канец п'есы—якісьці выпадковы і які ня вяжацца усім