Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

служачы рэгістратарам у розных установах; затым яшчэ менш удачна, упутваецца ў поліцэйскую службу пры польскай окупацыі. Раўналежна з гэтым няўхільным імкненьнем да чыноўніцкай кар'еры ў розных відах (спачатку мары аб асэсарстве ў губарнатарскай канцылярыі, пасьля—"чырвонае асэсарства" і нават "беларускае асэсарства"), ён захапляецца і рознымі вольнымі профэсыямі, таксама адпаведна з зьменамі політычнага становішча ў горадзе: у часе нямецкай окупацыі ён займаецца, "тавараабменам", г. зн. прадае або абменьвае на продукты свае хатнія рэчы: у час адыходу немцаў гандлюе нямецкімі маркамі; чакаючы савецкай улады, рыхтуецца быць мітынговым прамоўцам; да прыходу палякаў вывучае польскую мову―таксама, як да прыходу немцаў, вывучыў нямецкую. Нарэшце, ён так запутваецца ў сваіх профэсыях і "рангах", што савецкая ўлада, пасьля вызваленьня гораду ад бела-палякаў, арыштоўвае яго, як даносчыка, рабаўніка і наогул як падазронага чалавека. Каля свайго галоўнага гэроя аўтар згрупаваў патрэбныя для яго замыслу фігуры, характэрныя, як яму здавалася, для жыцьця г. Менску ў гады 1918-1920. Так, напр, у ліку знаёмых і гасьцей Мікіты Знасілава мы бачым перш за ўсё прадстаўнікоў розных кляс і рангаў, дарэволюцыйнага ладу жыцьця: тут ёсьць пан, спраўнік, поп, дама з "обшчэства“ і падазрона пышная дзяўчына "няведамых заняткаў". Прадстаўнікамі беларускага сялянства ў п'есе зьяўляюцца Лявон Гарошка і Гануля Зношчыха, матка Мікіты. Ёсьць і ідэёвыя выяўнікі беларускага адраджэньня―настаўнік Янка Здольнік і яго вучаніца, а пасьля нявеста, Алёнка Гарошка. Ва ўсіх актах, за выключэньнем чацьвертага, зьяўляюцца, апрача таго, якіясьці эпізодычныя фігуры, напаўраяльнага, напаўалегорычнага малюнку―Усходні Вучоны і Заходні Вучоны, якія павінны, як відаць, выяўляць сабою адносіны вялікарускага чорнасоценнага нацыяналізму і польскага імпэрыялізму да адраджаючайся Беларусі. Нарэшце, уся гэта даволі стракатая галярэя "тутэйшых" дапаўняецца яшчэ адным пэрсонажам―"профэсарам" Сьпічыні, які выступае ў сюжэце п'есы то ў якасьці настаўніка, які карыкатурна вучыць Мікіту нямецкай і польскай мовам, то ў якасьці сьведкі, якая памагае выкрыць свайго быўшага вучня і перадаць яго, як злачынца, у рукі ўлады. Вонкава-бытавы фон п'есы даволі аднакі: у трох актах падзеі разьвінаюцца ў адным і тым-жа месцы, у кватэры Мікіты, а толькі другі акт адбываецца на Катэдральным пляцы, названым мяшчанамі "Брахалка".

Такі сюжэт і тыя, што ўваходзяць у яго часьці, ― падзеі, асобы, бытавыя малюнкі. Калі разглядваць гэтую п'есу з боку соцыолёгічнай увязкі частак сюжэту ў адно суцэльнае, дык замысел аўтара трэба прызнаць даволі шырокім і цікавым: аўтар пастанавіў сабе задачай разьвінуць драматычную эпоху ў жыцьці Менску,―эпоху, якая ў абставінах вялікіх гістарычных падзей ускрыла, бязумоўна, і шматлікія грымасы чалавечай будзённасьці; свой шырокі сцэнічны малюнак гэтай эпохі ён абставіў некаторымі дэталямі клясавага жыцьця гораду, жадаючы такім шляхам паказаць, як аднесьліся розныя станы грамадзянства да разьвінутых гістарычных падзей; выдатнае месца ў гэтым моманце ён адвёў беларускаму адраджэньню, як аднаму з момантаў гэтай эпохі ў гісторыі Беларусі, пры гэтым алегорычныя фігуры двух вучоных, як відаць, павінны былі па замыслу аўтара выразіць сабою тыя абставіны, у якіх даводзілася да прыходу Савецкай улады разьвівацца адраджаючайся Беларусі. Такім чынам―трэба думаць―аўтар меў на ўвазе ў якасьці агульнага фону свайго малюнку намаляваць адміраючую карыкатурную рэчаіснасьць старога дарэволюцыйнага быту, а на гэтым фоне паказаць адбітак гістарычных падзей 1918-1920 г. у жыцьці Менску,