Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Горкага "На дне", выяўляе сабою прымірэньне з старым бытам, а Лявон і Марыля—цярпеньне пад соцыяльным прыгнечаньнем і вымушаную пакорнасьць, дык Зося і Сымон—абое ідуць насустрач новаму жыцьцю: яна робіць гэты крок містычна, няжыцьцёва, думаючы каханьнем перамагчы усякую чалавечую няпраўду; ён—рэальна, рэволюцыйна глядзіць у вочы няпраўдзе і прыгнечаньню і чакае ад "вялікага сходу" лепшай долі і для бацькаўшчыны і для чалавецтва наогул.

У другім дачыненьні, г. з. з мастацкага боку "лірыка скрозь быт" выявілася ў звычайным для аўтара эмоцыянальна-маляўнічым і народна-сьпеўным стылі. Гэта лепей усяго ілюструецца размовамі Зосі, якая гаворыць вобразнай мовай народнай лірыкі і эпікі. Рэальна-бытавы малюнак болей адчуваецца ў размовах Лявона, Марылі і Данілкі. Што датычыцца Сымона, дык ён замалёван часткова рысамі протэстуючага романтычнага героя, і гэта надае мастацкаму цэламу п'есы некаторы налёт старой романтычнай драмы, што робіць яшчэ менш выразным самы жанр драмы. Але, ня гледзячы на некаторую складанасьць стылю, п'еса зацікаўлівае багацьцем лексыкі, яскравай і жывой народнай фразэолёгіяй, вобразнасьцю і задушэўнасьцю мовы.

____________

Трэцяя, найбольш буйная, драматургічная спроба Я. Купалы зьявілася ў друку ў 1924 годзе ("Полымя" 1924, 2-3). Я маю на ўвазе п'есу „Тутэйшыя", трагічна-сьмешлівыя сцэны з менскага нядаўнага жыцьця ў 4-х дзеях".

Па замыслу аўтара п'еса павінна была, мабыць, даць шэраг тыповых зарысовак абыватальскага жыцьця ў Менску за першыя гады рэволюцыі і за час дзьвёх окупацый, нямецкай і польскай,—зарысовак, зьвязаных пэўным ідэолёгічным асьвятленьнем і пэўнай драматургічнай архітэктонікай.

Для таго, каб судзіць наколькі ўдаліся аўтару як самыя зарысоўкі, так і іх ідэолёгічная і мастацкая ўвязка ў адно цэлае, трэба супыніцца перш за ўсё на сюжэце п'есы. Цяжка сказаць, які ўласна фабульны матэрыял меў аўтар для сваёй п'есы, але бясспрэчна тое, што ўзятая ім для фону п'есы хронолёгічная паласа жыцьця Менску мела шмат характэрных фактаў, эпізодаў, хадзячых расказаў і анэкдотаў, з якіх уважлівы наглядальнік-мастак слова мог скомпанаваць цэлы шэраг сюжэтаў і для эпічнага і для драматычнага твору. Сама эпоха была драматычна, колёрытна і багата гатовымі фабуламі. Аўтар п'есы „Тутэйшыя", трэба думаць, стаяў якраз на грунце падобных фабул, якія маглі быць яму вядомы па расказах або часткова па ўласных нагляданьнях. Адсюль і сюжэт яго п'есы ў асноўным, бязумоўна, павінен быць прызнаны блізкім да жыцьця, хоць у дэталях ён можа паказацца вельмі надуманым, паколькі гэтыя дэталі схэматызаваны на карысьць пэўнаму аўтарскаму замыслу і апрацаваны, як мы ўбачым ніжэй, не заўсёды жыцьцёва.

Сюжэтная канва п'есы складваецца з прыгод галоўнага яго гэроя Мікіты Зноска або, як ён сам сябе называе на расійскі лад, "Никиція" (?) Зносилова". Мікіта Зносак, які да рэволюцыі служыў у губарнатарскай канцылярыі ў чыне колескага рэгістратара, на працягу ад лютага 1918 г. да чэрвеня 1920 г., прыстасоўваючыся то да тае, то да другое ўлады, перажывае цэлы шэраг перамен у сваім грамадзкім становішчы. Спачатку ён без аніякага посьпеху пробуе, карыстаючыся нямецкай окупацыяй, захаваць сваю чыноўніцкую позыцыю, пасьля ён імкнецца, але няўдачна, зрабіць кар'еру пры савецкай уладзе,