Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзеяньня і яго разьвязкі. Перад намі тэма высокай драматычнай вартасьці, але няма выразнай драматургічнай композыцыі. Маем толькі шэраг сцэн, якія зьвязаны агульнай тэмай: першы акт адбываецца ў хаце, дзе мы даведваемся аб здарыўшымся гвалтоўным зруйнаваньні сям'і і аб самагубстве бацькі; чатыры наступных акты замалёваны на руінах хаты, дзе зруйнаваная сям'я, у холадзе і голадзе, чакае вынікаў судовага процэсу, каб пасьля пайсьці жабраваць з торбачкамі за плячыма. У гэтых чатырох актах мала дзеяньня. Усе асобы п'есы заняты сваймі клапотамі і горасьцямі і жывуць ня столькі ў дзеяньні, колькі ў размовах: моцны духам Сымон гаворыць аб сваім протэсьце супроць гвалту; містычная Зося, поўная мараў, аб сваім спачатку расьцьвіўшым, потым завяўшым каханьні; матка аб зруйнаваньні і жабрацтве; Данілка аб сваёй скрыпачцы. Некаторая прысутнасьць дзеяньня адчуваецца яшчэ ў перыпэтыях нешчасьлівага каханьня Зосі, але ў рэшты асоб руху мала.

Некаторая неазначальнасьць адчуваецца таксама і ў самым жанры п'ес. Калі п'еса пісалася, драматургія таго часу, апрача рэальна-бытавой драмы, ведала два драматычных віды—драму настрою, якая зьяўляецца асобнай галіной рэальна-бытавой драмы (гл. п'есы Чэхава, М. Горкага) і драму сымболічную (Л. Андрэяў, Ф. Салагуб, А. Блок). Драму, якую мы разглядаем, супярэчна існуючаму аб ёй у крытыцы погляду, я не назваў-бы сымболічнай, таму што ў ёй няма звычайных адзнак умоўнай схэматычнай драмы сымболізму: у ёй ёсьць толькі паасобныя сымболічныя, або праўдзівей алегорычныя, сытуацыі, вобразы, размовы. Рэальна-бытавы бок яе пры гэтым яшчэ так моцна адчуваецца, што не асільваецца сымболічным асмысьленьнем, а сама па сабе прыцягвае ўвагу чытача. З гэтае прычыны я хутчэй згодзен назваць гэту п'есу драмай настрою, дзе бытавы малюнак атрымоўвае пашыранае ідэёвае асьвятленьне або дзе, як гаварылі ў свой час аб п'есах Чэхава, на першы плян высоўваецца "лірыка скрозь быт", прычым аўтарская лірыка прасякнута тут шырокім ідэолёгічным зьместам. У кожным выпадку гэтая п'еса можа быць названа сымболічнай толькі ўсяго па асьвятленьні і часткова па стылю, але не па драматургічнай архітэктоніцы, якая ў сымболістых куды больш схэматычна і больш адарвана ад быту. Памойму, гэта п'еса бліжэй да п'ес Чэхава, напр., да "Вишневого Сада", які таксама сымболізуе шырокі соцыяльна-культурны момант, чым да п'ес Салагуба або Л. Андрэева (відам, напр.—п'есы "Жизнь Человека“).

Усё гэтае робіць гэтую драму можа быць ня зусім сцэнічнай, але разам з тым не адбірае ад яе вялікай цікавасьці і вартасьці ў чытаньні. Гэтая цікавасьць падвойная соцыолёгічная і ўласна мастацкая.

У першых адносінах п'еса ня толькі ставіць вялікую соцыяльную тэму, але і разьвівае яе да межаў аналізу цёмных бакоў дарэволюцыйнага соцыяльнага быту. Тая "лірыка скрозь быт", якая складае галоўную нэрву гэтай маласцэнічнай, але ідэёва-значнай п'есы, адбівае ў сабе ня вузка-індывідуальны, інтымны лірызм аўтара, а шырокі лірызм перадавой грамадзкасьці таго часу, лірызм протэсту супроць цёмнай старой соцыяльнасьці і лірызм імкненьня да новых соцыяльных форм жыцьця. Таму і ўсе амаль размовы дзеючых асоб, з пункту погляду сцэнічнасьці, аднабокія, працяглыя і, якія суцішаюць рух дзеяньня, зусім апраўдваюцца з пункту погляду ідэёвага іх зьместу. Усё, што гаворыць Сымон, Незнаёмы, Старац,—нават усё, што гаворыць Марыля, Зося і Данілка,—усё ў іншасказальнай форме або ўскрывае старыя соцыяльныя адносіны, або па прарочаму прадбачыць блізкі соцыяльны зрух, калі Старац, які напамінае крыху Луку ў п'есе