Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыблізна такое–ж значэньне, хоць сябе і не азначаў ім, бо працаваць над мастацкім словам яму даводзілася выпадкамі і ўрыўкамі (характэрна ў гэтым сэнсе яго выражэньне „сваіх тут жменьку я сьпісаў маркотных песень–дум“). Паняцьці „поэта“ і „пясьняр“ для іх (а таксама выяўляецца гэта і ў Я. Купалы) былі паняцьцямі, што азначалі розныя ступені ў разьвіцьці творчае сілы мастацтва. У кожнае з іх яны ўкладалі пэўны зьмест неаднолькавага значэньня. Толькі разумеючы поэта як майстра–мастака слова, а не „поэта божай міласьцю“, Гарун мог сказаць „народ — пясьняр“, а Багдановіч пра жаб, што і яны „пекна сьпяваюць“.

Падагульваючы ўсё паданае, не заўсёды ў гэтых нататках маючае шчыльнае дачыненьне да пытаньня аб самаацэнках творчых сіл мастацтва, я лічу, аднак, патрэбным зрабіць некаторыя вывады перад тым, як перайсьці да агляду матар’ялаў па гэтаму пытаньню з сучаснай рэволюцыйнай практыкі творчасьці беларускіх поэтаў. Гэтымі вывадамі я і заканчваю на гэты раз свае нататкі. Яны наступныя:

1. Пытаньне аб самаацэнках творчых сіл мастацтва важнае тым, што яно ўскрывае: а) зьмест паняцьцяў „пясьняр“, „поэта“ і „мастак“, які надаваўся ім беларускімі пісьменьнікамі, б) погляды гэтых пісьменьнікаў на існасьць мастацтва літаратурнага, яго задачы і ролю ў жыцьці і в) у пэўнай меры самы характары творча–мастацкіх сіл у іх самаазначэньнях.

2. Нагляданьні над самаацэнкамі беларускіх поэтаў паказваюць: а) на рознастайнасьць іх па форме выражэньня і зьместу і б) на рознастайнасьць у спосабах і мерах самаацэньваньня.

3. З закранутых матар’ялаў выяўляюцца ў асноўным самаацэнкі трох відаў: а) соцыяльнага значэньня, б) творча–псыхолёгічнага і в) літаратурна–мастацкага характару.

4. Адпаведна ім прырода мастацтва на гэтых матар’ялах вызначаецца: а) як сьвядомая дзейнасьць, накірованая да пэўнай мэты, б) як дзейнасьць незалежная ад волі (пазасьвядомая), як асобага роду нутраная, эмоцыянальная самадзейнасьць і в) як дзейнасьць патрэбная, абумоўленая самою прыродаю чалавека, як адна з функцый організацыі чалавека.

5. Роля поэтаў пры гэтых разуменьнях зводзіцца ў першым выпадку да дзейнай сілы, якая ажыцьцяўляе праз поэтычныя формы і вобразы пэўныя ідэі, у другім — да пасыўнага чыньніка, які адбівае сабою рэчаіснасьць, як у фокусе, і ў трэцім — да актыўнага дзейніка, які ў патрэбе выражае сябе (свае перажываньні і думкі) у вобразах і формах, эстэтычна каштоўных.

6. Перадумовамі мастацкай творчасьці пры гэтым адны лічаць пазнаньне жыцьця ў яго дынаміцы, другія — пасыўнае прыяцьце яго ў зьявах рэчаіснасьці ў статыцы, трэція — актыўнае перажываньне жыцьця.

7. Адгэтуль вызначаюцца тры выяўленыя ў літаратурным разьвіцьці асноўныя творчыя характары, якія можна адзначыць умоўна такімі літаратурнымі паняцьцямі, як „лірык“, „эпік“ і „трагік“.

8. У беларускім літаратурным мастацтве гэтыя характары ў пэўнай меры выявіліся наступным чынам: а) „лірыкі“ выразілі сябе ў ідэях, ажыцьцёўленых імі ў поэтычных формах і вобразах (Багушэвіч, Купала), б) „эпікі“ выразілі сябе праз утварэньне мастацкіх вобразаў, эквівалентных рэчаіснасьці ў сконцэнтраваным выглядзе (Няслухоўскі ў слабой меры і яскрава Я. Колас), в) „трагікі“ творчасьці жыцьця выразілі сябе праз поэтычна–мастацкае аформаваньне сваіх пачуцьцяў