Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і думак (зьместу перажываньняў, поўных супярэчнасьцямі) і наогул сваіх інтарэсаў і патрэб формальна–культурнага парадку (такія А. Гарун і М. Багдановіч).

Характар, выяўлены постацьцю Марцінкевіча, займае асобнае месца, а таму пакуль што я пакідаю яго без азначэньня, хоць думаю, што найлепей пасуе да яго азначэньне, якое ён сам сабе даў — гэта „дудар“, і „дудар“, які часта йграе некаторыя п’есы для забавы людзей.

Пры гэтым лічу патрэбным зрабіць агаворку, што пададзеныя азначэньні мною ўжыты ў сэнсе азначэньняў пераважнага, па самаацэнках, характару дачыненьняў да жыцьця як асабовага, так і соцыяльнага, у якой–бы форме (лірычнай, эпічнай ці драматычнай) гэта ні выражалася. Поэты складу Я. Купалы, Багушэвіча дачыняюцца да рэчаіснасьці як „лірыкі“. Для іх зьявы об’ектыўнага толькі об’екты для выказваньня сваіх настрояў, імкненьняў, жаданьняў і ідэй. Для поэтаў складу Коласа, Няслухоўскага рэчаіснасьць зьяўляе каштоўнасьць сама па сабе, як прадмет адчуваньняў і думак для мастацтва, і яны — „эпікі“. Поэты–ж складу Гаруна і Багдановіча расцэньваюць жыцьцё як зьмест драматызму чалавечай творчасьці, як вынік чалавечага змаганьня за гэта жыцьцё. Такія — „трагікі“ жыцьця.