Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выказвае свае пачуцьці і думы ў прыгожых формах, у поэтычна–мастацкім слоўным аформаваньні („радкі зьвінючых слоў“).

А. Гарун ацэньвае сябе, перш за ўсё, як чалавека шматграннага, інтарэсы і патрэбы якога рознастайны пры ўсім адзінстве ў іх жыцьцёвасьці. Ён вызнае ўсе патрэбы за аднолькава каштоўныя, і свае эстэтычныя інтарэсы не вылучае з шэрагу звычайных, констатуючы толькі той факт, што дзякуючы няспрыяльным умовам („мой прыгон глытае час, мне воля — рэдкі дар“) гэтыя патрэбы застаюцца незадаволенымі, і эстэтычныя інтарэсы ўрэзваюцца, уцінаюцца іншымі патрэбамі штодзённага паднявольнага жыцьця („цярплю і я прыгон“). Важна зьвярнуць тут яшчэ ўвагу на тое, што А. Гарун за меру ацэнкі сваёй творчасьці вызнае практыку жыцьця мастацкага твору ў сьвеце, што і выражаецца тым–жа вершам у жаданьні

З дзявочых вусн пачуць
Хаця–б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця–б калі–нібудзь!

Поэты складу А. Гаруна выражаюць сябе непасрэдна ў мастацкім аформаваньні ўсіх тых інтарэсаў і патрэб, якімі яны жывуць, тым самым адбіваючы ў сваіх творах настроі свайго атачэньня і наогул інтарэсы пэўнай соцыяльнай групы.

Некалькі родным да такіх поэтаў зьяўляецца і М. Багдановіч, які, падобна Гаруну, мастацкую творчасьць вызнае за адну з звычайных патрэб чалавека. Гэта выражаецца ў вершы–адказе на гаворкі аб тым, „што душа поэты, калі спараджае ён дзіўныя вершы, нябесным агнём абагрэта, і ў час той між люда ён — першы...“ Поэта на гэта кажа:

Ах, дзякуй вам, дзякуй на гэтай прамове,
Душа мая, пэўна, шчасьлівай была–бы,
Калі–б я ня ведаў, панове,
Што пекна сьпяваюць і жабы.

І зноў–жа ў вершы–прадмове да зб. „Вянок“ М. Багдановіч, падобна Гаруну, так азначае свае творы:

Праглядзеце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцьця.

Розьніца ў тым, што адзін кажа — сьпісаў жменьку маркотных песень–дум, а другі — засушыў на паперы краскі думак і чуцьця. Творчы характар у абудвых выпадках адзін, і розьніца фактычна зводзіцца да розьніцы ў зьмесьце перажываньняў, у прадметах дум і чуцьця ды ў мэтодзе і тэмпе самой творчасьці. Адзін „сьпісаў“, другі „засушыў“. У аднаго жменя маркотных песень–дум, у другога краскі, сьвежыя калісьці, думак шчырых і чуцьця.

М. Багдановіч першы з беларускіх поэтаў пры азначэньнях самога сябе ня ўхіляецца ад імя поэты, ня мінаючы, аднак, зазначэньня на факт няспрыяльных умоў для разьвіцьця, хоць і ў іншым разрэзе ад А. Гаруна. Гэты апошні меў на ўвазе ўмовы паднявольнага ссыльнага жыцьця, калі казаў: „бо мой прыгон глытае час“. Багдановіч–жа ў вершы „Ой, чаму я стаў поэтам у нашай беднай старане“ гаворыць аб умовах на волі, калі ня можна (менавіта ня можна, а ня нельга) спачыць, не зважаючы на змору, з–за пільна патрэбнай працы, якая, з прычыны беднасьці наогул у краіне („бедная старана“), можа застацца ня зробленаю за час спачынку поэты.

М. Багдановіч сьвядома сябе ацэньвае як поэта, надаючы гэтаму разуменьню сэнс майстра мастацкага слова, які робіць справу мастацтва ў пэўным пляне і сыстэматычна. Гарун надаваў разуменьню поэта