Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А радасьць пачуеш, надзеі ўзаўюцца,
Каб добрыя весткі падаць,
Няхай тады струны твае засьмяюцца
І песьняю шчасьця гучаць![1]

Як выяўляецца з гэтага вершу, поэта цэніць сябе таксама, як і Няслухоўскі, за перадаваньне сьвету песьняю людзкіх перажываньняў, пачуцьцяў і адчуваньняў ад усяго, што ёсьць у рэчаіснасьці і што асабліва яго кратае. Гэта поэты статыкі ў іх–жа самаацэнках. Дынаміка за імі. Яны толькі фокусы, якія выражаюць песьнямі ўсё, што адбіваецца ў іх з вакольнага ў сконцэнтраваным выглядзе. Рэальным зьявам, рэчам і падзеям у творчасьці такіх поэтаў адпавядаюць адчуваньні, пачуцьці, настроі і наогул эмоцыянальныя перажываньні. Іх мастацтва зьмяшчаецца ў тым, што імі ствараюцца патрэбныя вобразы са зьяваў, рэчаў і падзей рэчаіснасьці, эквівалентныя, адпаведныя і роўназначныя нутраным перажываньням. Мастацтва ж поэтаў складу Багушэвіча — Купалы ў тым, што яны карыстаюць зьявы рэчаіснасьці для выражэньня і ажыцьцяўленьня ў вобразах пэўнай ідэі, якою яны жывуць. Першыя выяўляюць жыцьцё, і праз гэта выяўленьне выражаюць і сябе. Другія ажыцьцяўляюць пэўныя ідэі і праз іх выяўляюць і жыцьцё — рэчаіснасьць. У гэтых ідэях яны выражаюць і сябе. Але гэта пытаньні іншага парадку, якія больш падрабязнае высьвятленьне знойдуць у найлепшых нататках.

Пададзеным з твораў вышэйазначаных пісьменьнікаў далёка ня вычэрпваюцца ўсе матар’ялы да пытаньня аб самаацэнках. Яны пашыраюцца творамі і іншых беларускіх пісьменьнікаў, у якіх выяўляюцца асновы і іншых творчых характараў.

Алесь Гарун у вершы „Людзям“ (зб. „Матчын дар“) падае цэлы шэраг самаадзнак у форме вызначэньня свайго дачыненьня да рэчаіснасьці як об’ектыўнай, так і суб’ектыўнай, а таксама і самаадзнак сваёй творчай дзейнасьці, на аснове якіх зазвычай вызначаецца поэта. Аднак, не зважаючы на іх, Алесь Гарун два разы паўтарае аб сабе: „А ні поэт“ і ставіць пытаньне: „Чаму–ж?“ На пытаньне „Чаму–ж?“ ён адказвае так:

Бо мой прыгон глытае час.
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх поэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ — пясьняр.
Пра свае–ж творы ён гаворыць:
Сваіх тут жменьку я сьпісаў
Маркотных песьняў–дум;
Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум.

У гэтым вершы цікава тое, што поэта падыходзіць да сябе як да асобы з усімі азнакамі поэты, якая, аднак, не вызнаецца за поэта, а за звычайную людзіну зьяву („Такіх поэтаў шмат у нас, дзе сам народ — пясьняр“), яна, як і іншыя, мае таксама і патрэбу ў прыгожым, мае пачуцьцё хараства, адчувае яго ў рэчаіснасьці і сама ў патрэбе („...і ў ноч цякуць радкі зьвінючых слоў, і сон адходзіць проч. Тады пішу“)

  1. Параўнай з вершам Няслухоўскага „Ня я пяю...“, дзе поэта таксама гаворыць:

      Чы дзе гора абзавецца,

      Як асіна грудзь трасецца.

      Чы пра радасьць чую весьці,

      Усё ў грудзь хаваю гдзесьці.

      Мне гаворыць вёска, хата,

      Мне гаворыць сэрца брата,

      Рад зьбіраю, што пачую,

      У грудзі сваёй нашу я,

      Аж, як траўка на кургане,

      Яно ўзыйдзе — песьня стане.