Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рэальных патрэб. Ён робіць усё тое, што вядзе да дасягненьня пастаўленай мэты. Гэта — чалавек мэты. І практычная дзейнасьць яго ў мастацтве зводзіцца да ажыцьцяўленьня сродкамі поэтычных формаў і вобразаў разуменьня рэчаіснага жыцьця (і яго шляхоў), а не павіннага. Адпаведныя факты гэтага жыцьця ён і карыстае з гэтай мэтай дзеля сваіх поэтычных твораў. Такім зьяўляецца Ф. Багушэвіч.

Трэці — тып чалавека больш пасыўна–эмоцыянальнага складу, ніж дзейна–валявога. Практыка яго творчасьці палягае ў тым, што ён служыць выражэньню таго, што ім перажываецца і адчуваецца рэальна–існага ў зьявах рэчаіснасьці, з лёсам якое воляй ці няволяй ён зьвязвае і сябе. Будучы раз настроеным на пэўны лад, ён застаецца нязьменным у тым адзінстве, праз якое прапускае самыя рознастайныя праявы рэчаіснасьці. Такім выяўляецца Ян Няслухоўскі (Лучына).

Багушэвіч і Няслухоўскі — гэта Янка Купала і Якуб Колас апошняй чвэрці XIX сталецьця ў мініятуры. Як пісьменьніцкія характары, яны шырока і шматбакова разьвіваюцца ў постацях Я. Купалы і Я. Коласа. У творчых характарах гэтых апошніх выяўляюцца ўсе рысы, якія знайшлі сваё пачатковае выяўленьне ў Багушэвіча і Няслухоўскага.

Самаацэнкі, якія выражаны ў вершах Купалы і Коласа, вельмі блізкі па свайму характару да такіх–жа ў сваіх папярэднікаў.

Я не поэта, о крый мяне, божа!
Ня рвуся я к славе гэткай нямала.
Хоць песеньку–думку і высную можа.
Завуся я толькі — Янка Купала.

Так пачынае Янка Купала свой зборнік „Жалейку“. Дзейна–валявы характар яго выяўляецца ўжо і тут, хоць–бы ў слове „высную“. Ацэньвае ў сябе поэта перш за ўсё, як і Багушэвіч, чалавека, які робіць патрэбнае для грамадзкай „музыкі“, — снуе песьні–думкі, нядарма і першы зборнік, за прыкладам Багушэвіча, Я. Купала называе імем аднаго з музычных інструмантаў („Жалейка“). Гэта самаацэнка звычайна ціхага, няпрыкметнага („хто–ж ціхіх прыкмеце“) чалавека, які сьвядомы ў сваёй актыўнасьці, выяўленай самымі фактамі яго песеннай творчасьці. У далейшым яшчэ ня раз Купала задумваецца над тым, што за каштоўнасьць ён у сьвеце, якаво яго значэньне і роля ў жыцьці. І калі пры гэтых самаацэнках у пачатку свае творчасьці ён падыходзіць да сябе як да „ціхага“ і „няпрыкметнага“ чалавека, які робіць справу, складае песьні–думкі, то ў пазьнейшыя часы, блізка праз два дзесяткі год гэтай працы, Купала ацэньвае сябе як чалавека, які ўжо шмат зрабіў — шмат злажыў песень. У вершы „Мая навука“ (зб. „Спадчына“) ён кажа:

Цяпер маймі скарбамі — думы–саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

Ад беднасьці да песеннага багацьця шляхам напорнай працы, хоць і ціхай ды няпрыкметнай для другіх, як зазначаў сам поэта ў пачатку свае творчасьці, — вось шлях поэта справы, поэта працы і служкі пэўнай ідэі. Такі шлях чалавека, які практыкаю сваёй творча–мастацкай дзейнасьці служыць пэўнай ідэі, адпаведнай усьвядомленым інтарэсам і патрэбам сваёй соцыяльнай групы ці клясы. Янку Купалу па творчаму характару процілежны Я. Колас. Матар’ялам для суджэньня аб яго самаацэнцы можа служыць верш „Водгульле“. У гэтым вершы поэта зьвяртаецца да сябе і кажа:

А ты, калі гора каго напаткае,
Ці жальба пачуецца, плач,
Або запануе дзе крыўда ліхая, —
На ўсё адгукніся, адзнач!