Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

справу. Адзін дае простаму народу як–бы адзбытку, ад зьлішняга, застаючыся сьвядомым у сваёй годнасьці чалавека, які „апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець“. Другі піша і вершы, складае песьні з патрэбы ў грамадзкай „музыцы“ беларускага селяніна, гэткай самай, як і ў іншых народаў. Адзін гатуе матар’ялы, падручнікі для асьветы „нашага беларускага мужыка і беднай шляхты“. Другі сам набывае асьвету з практыкі жыцьця і яго вывучэньня і выражае пазнанае ў сваіх вершах і песьнях, і гэтым самым творыць асьвету. Адзін сходзіць к народу з сваёю творчасьцю. Другі сваёй творчасьцю выходзіць з гэтага народу. Ад сьвету да народу — зьверху ўніз — такі шлях Марцінкевіча і, наадварот, ад народу да асьветы — зьнізу ўверх — ішоў Ф. Багушэвіч. Адзін нясе з сабою ноты для „музыкі“, патрэбнай для верху, другі–ж сам робіць „музыку“ па слыху і голасу „мужыцкіх“ патрэб і інтарэсаў. Такі характар накірованасьці гэтых двух пісьменьнікаў у сваёй творчасьці, што знайшоў свой адбітак і ў самаацэнках іх.

У іншых беларускіх поэтаў такія самаацэнкі знайшлі сваё выражэньне ў вершах.

Ян Няслухоўскі (Лучына) пачынае свой зборнік „Вязанка“ вершам „Ня я пяю — народ божы даў мне ў песьні лад прыгожы...“, які зьяўляе сабою соцыяльна–псыхолёгічную самаацэнку поэты. Поэта, „об’ектывізаваўшы свае песьні і сябе як іх творцу, глянуў на іх з пункту гледжаньня тых каранёў, праз якія гэтыя песьні вышлі ў сьвет, і ўгледзеў, што іх карэньні ў народнай гушчы (вясковай), што стуль, з вясковых радасьцяй і смуткаў, вырастаюць яго песьні. На падставе гэтага поэта і ацэньвае сваю творчасьць праз адмаўленьне свайго ўдзелу ў ёй („ня я пяю“), і тым самым сябе толькі як перадатчыка ў сьвет таго, што ад гэтых і радасьцяй, і смутку. Поэта па самаацэнцы, выражанай у названым вершы, ёсьць толькі як–бы спосаб і сродак для выяўленьня сьвету таго, што карэньнямі сваімі ўваходзіць у народную вясковую глыб. Ён толькі музычны інструмант, што перадае песьні ў тым ладзе, у якім яны творацца ў народным жыцьці. У адрознасьць ад характару Ф. Багушэвіча Няслухоўскі ацэньвае ў сабе поэту як пачатак пасыўны, больш эмоцыянальны, чым валявы; ён адклікаецца толькі на тое, з чым ён шчыльна зьвязаўся.

У азначаных матар’ялах самаацэнак трох пісьменьнікаў адбіваюцца пачаткі трох пісьменьніцкіх тыпаў. Першы тып характарызуецца тым, што ён у сваёй творчасьці выходзіць з імкненьня быць у сьвеце карысным для людзей і гэтым апраўдаць сваё жыцьцё. Стаўшы багатым, ён знаходзіць уцеху сабе ў тым, што раздае гасьцінцы бедным. Творчасьць яго ўяўляе сабою апраўданьне тых формаў жыцьця, якія ёсьць у рэчаіснасьці, праз яе ён выяўляе жаданьні тэй сьвядомасьці, якая павінна быць у людзей пры гэтых формах. У яго вачох адзін факт наяўнасьці ў асобы жаданьняў павіннага мусіць апраўдваць яе жыцьцё перад людзьмі, якія імкнуцца да гэтага павіннага. За свой удзел у жыцьці ён і лічыць мець жаданьні, і іх у тэй ці іншай форме выяўляць перад людзьмі, мала зважаючы на тое, ці адпавядваюць гэтыя жаданьні рэальным магчымасьцям іх ажыцьцяўленьня. Гэта тып чалавека пасыўных жаданьняў, часта неадпаведных магчымасьцям іх рэальнага ажыцьцяўленьня ў існуючых формах быцьця яго часу. Яго практычная дзейнасьць зводзіцца да ажыцьцяўленьня ў поэтычных формах і вобразах жаданай сьвядомасьці. Да такога тыпу належыць Дунін–Марцінкевіч.

Другі тып характарызуецца сьвядомым імкненьнем і дзейнасьцю накірованай на ажыцьцяўленьне пэўнай ідэі, што вынікла на грунце