Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

часткі, адна з якіх об’ектывізуецца для ацэнкі другою. Фактычна гэта ня ёсьць рашчэпліваньне ў літаральным сэнсе, а толькі об’ектывізацыя пэўнага комплексу або перажываньняў уласных, або практыкі ўласнага жыцьця наогул.

Матар’ялам для суджэньняў аб такіх самаацэнках зьяўляюцца перш за ўсё самі самаацэнкі, якія знайшлі сваё выражэньне і слоўнае аформаваньне. Іншых матар’ялаў дастаць надзвычайна цяжка, калі не сказаць, што зусім немагчыма.

У Дуніна–Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча (Сымона Рэўкі з–пад Барысава) ёсьць некаторыя матар’ялы да гэтага пытаньня, якія яны падаюць у прадмовах, першы — да „Пана Тадэуша“ ў перакладзе на беларускую мову, другі — у зборніку „Смык беларускі“.

Дунін–Марцінкевіч у гэтай прадмове называе сябе дударом простага народу. „Можа народ той просты, — піша ён, — што з маткаю прыродай блізка жывець, прымець гэты гасьцінец (г. зн. „Пана Тадэуша“, прыбранага ў мужыцкую вопратку. — А. Б.) ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець“. З гэтага азначэньня выяўляецца, што Дунін–Марцінкевіч, будучы няпрызнаным з боку пануючых кляс (аб чым ён сам кажа ў той–жа прадмове, калі зазначае, што яго праца ў беларускай мове „можна сказаць, зусім ня сустрэла прыяцеляў“), імкнецца ацаніць сябе як поэта з пункту гледжаньня „простага народу“ і тым самым вызначыць сваё месца ў соцыяльным разрэзе. Аднак наколькі правільнаю была соцыяльная сама ацэнка Дуніна–Марцінкевіча, гэта паказвае аналіз яго твораў, які даводзіць, што поэта воляю ці няволяю, але ня быў дударом „простага народу“, а застаўся поэтам беларускае сполёнізаванае шляхты, якая шукала сабе апоры ў асобе буйных магнатаў і тых паноў, з якімі, па словах Марцінкевіча, „наш народ... так блізка жыў“ і якія былі гэтаму народу, па яго–ж поглядах, „бацькамі“.

Зусім у іншым родзе ацэньвае сябе Ф. Багушэвіч у памінанай ужо прадмове. Зазначаючы на сябе як чытача „ксёнжачак... якогась пана Марцінкевіча“ і перапісаных вершыкаў „якогасьці Юркі“, Багушэвіч залічае сябе да „нашага цёмнага брата“, „мужыка“ і далей піша: „Не раўня я Бурачку (другі псэўдонім самога–ж Багушэвіча. — А. Б.) — ён лепей можа знае жыцьцё мужыцкае... але мне спадабаліся яго тыя вершы, што і я здумаў папрабаваць што–кольвек напісаць“. Нарэшце, тлумачачы назву свайго зборніку, Багушэвіч сваю прадмову канчае такімі словамі: „Смык ёсьць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была „Дудка“ — вот і мы зробім музыку, як тыя жыдкі, што на цымбалах іграюць“. Тут ужо поруч з самаацэнкаю соцыяльнага, нацыянальнага і, т. ск., політычнага характару знаходзіць сабе месца і самаацэнка поэта, які вывучае „жыцьцё мужыцкае“ і з яго чэрпае матар’ял для свае творчасьці, прысьвечанай служэньню раз пастаўленай мэце. Багушэвіч ацэньвае сябе ня як „дудара простага народу“, які гэтаму народу дае „гасьцінцы“, а як актыўнага ўдзельніка жывой народнай („мужыцкай“) справы, справы ўтварэньня сялянскай поэзіі („і мы зробім музыку“) новай беларускай культуры, якая пачала адраджацца і дамагацца свайго прызнаньня. Такая самацэнка грунтуецца на фактах поэтычных твораў, якія і сапраўды служылі „мужыцкім“ інтарэсам і былі ў патрэбе беларускага селяніна ня толькі як поэтычныя мастацкія творы, але і як спосаб змаганьня за гэтыя патрэбы і інтарэсы.

З пададзеных самаацэнак у пэўнай меры выяўляецца і характар імкненьняў гэтых двух поэтаў. Адзін дае „гасьцінцы“ „простаму народу“, другі бароніць свайго „нашага брата“ і робіць „мужыцкую“