Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Самавызначэньне пісьменьніка адбываецца самымі рознастайнымі спосабамі. Адны самавызначаюцца фактамі сваёй мастацкай творчасьці, другія — агалашэньнем тэй ці іншай дэклярацыі, трэція — абвяшчэньнем сябе пісьменьнікамі і барацьбою за прызнаньне іх гэткімі за іх дзейнасьць часта далёка не літаратурна–мастацкага характару... Мне здаецца, ніхто ня будзе спрачацца, калі я скажу, што адзіным самым правільным спосабам літаратурна–мастацкага самавызначэньня зьяўляюцца факты самой творчасьці — мастацкія творы. Аднак–жа ў жыцьці практыкуюцца і іншыя спосабы, асабліва літарацкімі організацыямі. Рознага роду дэклярацыі часта служаць прыкрыцьцем для паасобных сяброў організацыі зусім нелітаратурных імкненьняў іх і „пашпартам“ на тыя ці і іншыя прывілеі ў грамадзтве. Пры такіх самавызначэньнях і ня пісьменьнік і не поэта можа слыць за поэта і пісьменьніка, нягледзячы на тое, што ён ня мае мастацкіх твораў. Такім чынам, пры ўсёй станоўчасьці значэньня ўсякіх дэклярацый, яны крыюць за сабою і адмоўную старану, гэта спосаб для бытаваньня, т. ск., літаратурнага кар’ерызму, і адну з формаў для яго красаваньня за кошт аўторытэту літаратуры, гэта спосаб спэкуляцыі на справе літаратурна–мастацкага разьвіцьця. Такое зьявішча няўхільна асабліва пры існаваньні т. зв. масавых організацый поэтаў і пісьменьнікаў. У той час, як Я. Купалу або Якубу Коласу дзеля таго, каб самавызначыцца як поэтам, патрэбны былі годы літаратурна–мастацкай працы, пры існаваньні літарацкіх організацый досыць бывае толькі аднаго залічэньня ў яе, каб тым самым ужо лічыцца за поэта. Вось гэта і ёсьць, па маёй думцы, адна з адмоўных праяў у справе разьвіцьця пролетарскай літаратуры. Вядома, такая зьява найчасьцей бывае вынікам няправільнага разуменьня як існасьці літарацкіх організацый, так і дэклярацый. Кожны чалавек у потэнцыі поэта або пісьменьнік ці мастак, але прызнаваць такога чалавека за поэта, пісьменьніка ці мастака толькі за яго потэнцыі — рызыкоўна... Вось чаму паўстае пытаньне аб літаратурна–мастацкім самавызначэньні.

Ня меншую цікавасьць зьяўляе сабою пытаньне аб тым, што думае аб сабе ці як ацэньвае сябе той ці іншы поэта ці пісьменьнік, хоць па гэтым і цяжка судзіць аб ім як асобе. Самаацэнкі выражаюцца ў розных формах, яны ня рэдка бываюць нават як–бы асобным лірычным жанрам, пры дапамозе якога выражаюцца самыя рознастайныя перажываньні тых ці іншых соцыяльных груп і асоб, перанесеныя на самога сябе. Такія формы асабліва часта спатыкаюцца ў творчасьці Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, у Я. Коласа (раньніх гадоў) і інш. Пры дапамозе іх гэтыя песьняры выяўлялі жывую сувязь з сваім соцыяльным атачэньнем і падкрэсьлівалі на супольнасьць і агульнасьць інтарэсаў („Я мужык–беларус...“).

Вядома, у пэўнай меры кожны верш зьяўляе сабой як–бы ацэнку, якую дае поэта тэй ці іншай зьяве або рэчы, што так ці іначай дачынілася поэты, але гэта пытаньне другога парадку. Тут цікавы самаацэнкі поэтаў як такіх, выражаныя або вершам, або якім іншым спосабам (пісьмовыя прызнаньні або выказваньні і інш.).

Умовамі ўсякай ацэнкі зьяўляецца наступнае: 1) прадмет, які ацэньваецца (об’ект ацэнкі), 2) чалавек, які ацэньвае (суб’ект ацэнкі), 3) мера ацэнкі, г. зн. умоўная адзінка каштоўнасьці, якая ўжываецца ў практыцы ацэньваньня, 4) самы процэс ацэньваньня і 5) як яго вынік — сама ацэнка або вызначэньне каштоўнасьці прадмету, выражанае ў той ці іншай форме. Самаацэнка адрозьніваецца ад ацэнкі тым, што об’ект ацэнкі і яе суб’ект увасабляюцца аднэй асобаю. З прычыны гэтага пры самаацэнках адбываецца як–бы рашчэпліваньне асобы на