Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ён адкрыта гаворыць: "У нас так: госьць, як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзіць". Альжбета Крыніцкая, таксама з прымусу гасьцінная і разам з тым скупая гаспадыня, жадаючы падкрэсьліць, не без іроніі, патрэбу пачаставаць гасьцей, якія замарыліся ад скокаў, выказваецца больш тонка: "Старайцеся, госьцікі, старайцеся. Вось сыра, масла, вянгліна. Такі-ж сягоньня трохі папрацавалі каля полькі і лявоніхі". А свайму мужу, які клёвае носам за сталом пасьля вечарынкі, яна кідае больш вострую, але такую-ж вобразную заўвагу: "Што ты табаку важыш. Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта-ж табе тут не карчма".

Само сабою разумеецца, што такі слоўны матэрыял дае аўтару магчымасьць пабудовы жывых і яскравых сцэн, якія часта спатыкаюцца на невялікім працягу гэтай двухактовай комздыі. Прывядзём прыклады. Вось перад намі такая сцэнка з першага акту. Якім і Паўлінка ў жартліва-вобразнай форме даюць малюнак свайго будучага пабегу і патайнога шлюбу. Якім: "Ты ваконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух!" Паўлінка: „Гэта ты, як пятух, а я, як"... Якім: „Як курыца". Паўлінка: „Ня курыца, а як зязюлька". Якім: „Як зязюлька, праз вакно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь, а там..." Паўлінка: „А там ізноў фырр!". А вось і раўналежная сцэна з другога акту, ня менш жывая, але напісаная ў другім рэгістрэ. Паўлінка зрабіла сваё "фырр" цераз акно на вуліцу, але няўдачна: яе захапілі бацькі. Сьцяпан: "Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець? Паўлінка: "Я... я.. хацела замуж ісьці"! Сьцяпан і Альжбета: „Праз вакно?“... Паўлінка: „А што-ж, калі татка і мамка праз дзьверы ня пускаеце".

Я знарок выпісаў і комэнтыраваў даволі доўгі шэраг прыкладаў мовы, каб паказаць, што сіла гэтай маленькай комэдыі ў яе маляўнічай і эмоцыянальнай мове. І можна пашкадаваць, што з аднаго боку п'еса засталася драматычна незакончанай, як вышэй было ужо зазначана, а з другога—абярнулася, дзякуючы шматлікім сьпевам і танцам у другім акце, у якісьці водэвіль, заместа таго каб вырасьці ў яскравую бытавую п'есу.

_____________

Другой буйной спробай Я. Купалы даць драматычны твор зьяўляецца яго драма "Раскіданае гняздо" (1913 г.). Рэальная канва гэтай драмы—гэта дарэволюцыйны быт беларускага селяніна, — яго беднасьць, бяспраўе і экономічная залежнасьць ад абшарніка. На гэтай рэальнай канве аўтар вышывае жудасны узор свае тэмы. Селяніна Лявона Зябліка з сям'ёю абшарнік, карыстаючыся сваім правам на зямлю, выганяе з наседжанага гнязда і, калі той упіраецца і ня хоча пакінуць сваю хату і зямлю, палітую яго потам, яго хату па загаду абшарніка раскідаюць. Ён не пераносіць свайго зруйнаваньня і канчае жыцьце самагубствам. Яго дочка Зоська, якую зьняславіў сын абшарніка, робіцца вар'яткай. Старэйшы сын Сымон, не знайшоўшы ўправы на судзе, падпальвае панскі двор і слухаючыся закліку невядомага таемнага чалавека, які склікае ўсіх соцыяльна-прыгнечаных "на вялікі сход", ідзе кудысьці шукаць праўды і новага лепшага жыцьця; з сабою забірае ён і няпрытомную сястру. Матка з меншымі дзецьмі ідзе жабраваць усьлед за старцам-жабраком, які наведаўся ў хату спачатку перад зруйнаваньнем, а затым і пасьля таго, як гняздо ужо было раскідана.

І так тэма драмы—гвалтоўнае зруйнаваньне сялянскага гнязда са ўсімі вынікамі аж да жабрацтва. Але гэта тэма, тэма вялікага соцыяльнага зьместу, не атрымоўвае звычайнага драматычнага разьвіцьця: у п'есе няма яскрава выражанай завязкі, кульмінацыйнага ўздыму