Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мастацтва. Пытаньні, якія ставяцца фактамі літаратурна– мастацкай практыкі ва ўмовах Беларусі, надзвычайна актуальныя і важныя. Для свайго разьвязаньня яны патрабуюць уважлівых адносін і дакладнага вывучэньня і высьвятленьня ўсіх тых матар’ялаў, якія маюць да іх дачыненьне. Гэта магчыма толькі пры ўмове колектыўнай організаванай працы на працягу пэўнага часу, якая пазбавіць ад тых ці іншых суб’ектыўных і павярхоўных поглядаў, што часта практыкуюцца ў гэтай справе, а таксама ўхіліць і тыя памылкі, якія нямінучы пры сьпешных суб’ектыўных падыходах да пытаньняў літаратурнага мастацтва і „адміністрацыйных“ вырашэньнях.

Я думаю, што ў інтарэсах высьвятленьня пытаньняў, якія выклікаюцца вышэйпамянёнымі фактамі літаратурнага жыцьця і іх дакладнага і пасьпяховага разь вязаньня, будзе небескарысна перш за ўсё іх разьмежаваць, акрэсьліць конкрэтную існасьць іх і дакладна формуляваць. Да гэтага і зводзіцца задача гэтых невялічкіх нататак.

Перш, чым прыступіць да азначэньня саміх пытаньняў, я мушу папярэдзіць некаторых сваіх чытачоў, што ў гэтых нататках яны дарэмна будуць шукаць канчатковых адказаў на тое ці іншае пытаньне беларускай пролетарскай літаратуры. Я тут выказваю толькі свае меркаваньні па шэрагу пытаньняў, лічачы, што яны небескарысны будуць у справе высьвятленьня адзінай проблемы разьвіцьця беларускай пролетарскай літаратуры. Гэтыя меркаваньні я падаю як некаторы матар’ял да пытаньняў, зьвязаных, з аднаго боку, непасрэдна з інтарэсамі і патрэбамі дзейных сіл літаратурнага мастацтва і самога мастацтва, а з другога — з інтарэсамі і патрэбамі чытача ў галіне літаратурна–мастацкай.

Кожны мастацкі твор перажывае ў асноўным два галоўныя моманты — гэта момант свайго ўтварэньня і момант свайго жыцьця. Іначай кажучы, мастацкі твор мае сваю гісторыю да зьяўленьня ў сьвет і гісторыю жыцьця ў гэтым сьвеце пасьля зьяўленьня ў яго. Дзейнымі сіламі гэтых момантаў і вызначаецца аснова для згрупаваньня тых ці іншых пытаньняў літаратурна–мастацкага разьвіцьця. Гісторыя твору да яго зьяўленьня ў сьвет вызначаецца працаю пісьменьніка над матар’яламі і яго перамаганьнем тых супярэчнасьцяй, якія становяць сабою бясформны матар’ял перажываньняў і па знаньня. Пасьля–ж зьяўленьня ў сьвет гісторыя твору вызначаецца ўспрыняцьцем яго чытачамі, ацэнкаю яго крытыкамі (выразіцелямі чытача ў літаратуры), гісторыкамі, пісьменьнікамі і г. д. Над будоваю, наджыцьцём мастацкага твору ў азначаных момантах зьяўляецца навука аб ім — гэта гісторыя гісторый мастацкіх твораў, якая ў сваю чаргу становіць сабою грунт для „філёзофіі“ літаратурнага мастацтва.

На аснове гэтага ўсе пытаньні літаратурна–мастацкага разьвіцьця разьмяжоўваюцца на тры групы. Да першай групы я адношу пытаньні, зьвязаныя з творчым процэсам. Сюды ўваходзяць:

1. Самавызначэньне і самаацэнка творчых сіл (суб’ектаў творчасьці);
2. Матар’ялы творчасьці і іх крыніцы;
3. Спосабы творчасьці;
4. Пазнаньне інтарэсаў і патрэб чытача;
5. Мэта творчасьці.
Да другой групы належаць пытаньні, зьвязаныя з „спажываньнем“ твораў:
1. Разуменьне твораў мастацтва;
2. Ацэнка іх і наогул творчасьці;
3. Выражэньне інтарэсаў і патрэб чытача (пытаньне крытыкі);