Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

1. Аб літаратурных пытаньнях наогул.

У процэсе ўсякае працы і ў кожнай справе перад яе ўдзельнікамі час ад часу паўстаюць тыя ці іншыя пытаньні, вырашэньне якіх адбываецца або ў выніку перайманьня практыкі, набытай за ранейшы час, або праз спэцыяльна з гэтай мэтай уладжаную практыку. Такія пытаньні асабліва няўхільны ў такой новай і жывой справе, як утварэньне пролетарскай літаратуры і наогул мастацтва новай савецкай культуры. Іх можа ня быць толькі там, дзе ўсё ўпарадкавана і робіцца раз назаўсёды вызначанымі спосабамі і па ўстаноўленых узорах, дзе, словам, усё як–бы мэханізавана; калі–ж і вынікаюць яны тут, то толькі ў галіне прыстасаваньня дзейнай сілы да ўстанаўленьняў.

Наяўнасьць пытаньняў у тэй ці іншай справе сама па сабе ўжо мае вялікае значэньне, бо паказвае на тое, што жыцьцё ў гэтай галіне ня спыняецца, што сама справа зьяўляецца жывою справаю, у якой ёсьць свае інтарэсы і патрэбы. Чым больш гэтых пытаньняў і чым большы лік людзей бярэ ўдзел у іх вырашэньні і разьвязаньні, тым інтэнсыўней, шырэй і глыбей ідзе само жыцьцё ў гэтай галіне, тым багацей і рознастайней па сваіх формах выяўленьня адбываецца процэс разьвіцьця яе.

Аднак ня ўсякае пытаньне, якое выплывае ў тэй ці іншай справе, бывае значным і актуальным для кожнага часу. Важнасьць пытаньняў вызначаецца сваеасаблівасьцямі ў стане самае справы ў кожны асобна ўзяты момант яе разьвіцьця, а гэта ставіць перадумоваю пастаноўкі таго ці іншага пытаньня, перш за ўсё, дакладнае і ўсебаковае вызначэньне тых фактаў, якія найяскравей характарызуюць справу ў гэты момант.

У разьвіцьці беларускай пролетарскай літаратуры за апошнія гады адбылося нямала падзей, самыя факты якіх узьнімаюць некаторыя пытаньні і патрабуюць да іх адпаведнай увагі ў інтарэсах далейшага разьвіцьця гэтай галіны грамадзкага жыцьця. Існаваньне літарацкіх організацый, іх пашырэньне і зьяўленьне новых; дзейнасьць гэтых організацый, накірованая на задаваленьне літаратурных патрэб грамады; практыка літаратурна–мастацкай творчасьці, якая адбывалася і адбываецца як у межах організацый, так і па–за іх межамі; выяўленьне інтарэсаў і патрэб чытача, якія адбіваюцца ў тэй ці іншай меры крытыкаю або выражаюцца і ў іншых формах (літгурткі, вечары, выступленьні, дыспуты і г. д.), — усе гэтыя факты літаратурна– грамадзкага жыцьця ня могуць ня выклікаць пытаньняў аб стане беларускай пролетарскай літаратуры і віддалях яе разьвіцьця.

Самі адзначаныя факты, у істоце сваёй складаныя, перад усім выяўляюць тэндэнцыю да концэнтрацыі клясавых інтарэсаў у літаратурна–мастацкай галіне ў асобе адумысловых організацый, а праз гэта яскрава вызначаюць грамадзкі характар самой справы літаратурнага