Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У грудзі кволыя запала
Дачка каменьняў места мне.
Пачую я тэй іскры жала,
І верш аб месьце з сэрца мкне.

М. Багдановіч умелым седаком праехаўся на златагрывым пэгасе па вулках Вільні; сапраўды "іскры сыпнулі з-пад ног". Ён праехаў на іх шпарка, але здолеў, хоць мо' па імпрэсіаніску, накідаць штрыхі малюнкаў Вільні на шырокае палатно сваёй поэзіі з іхняй каляровасьцю, імклівасьцю і дынамічнасьцю:

Ліхтарняў сьвет у сіняй вышыне...
Вітрыны... мора вывесак... як плямы,
Анонсы і плякаты на сьцяне.
Кініць натоўп на жорсткім вулак дне!
Снуюць хлапцы, суючыя рэклямы...
Разношчыкі крычаць ля кожнай брамы...
Гул, гоман, гул,-усё ракой імкне.

Ён заслужыў гэтай нізкай права на першае месца ў беларускай поэзіі, у разьвіцьці яе урбанічнай плыні. Вызначыўшы ў першых дзьвёх нізках стыхію сваёй поэзіі, М. Багдановіч у другіх дзьвех нізках даў зарысоўкі старой і новай ужо гарадзкой Беларусі. За імі, як трэба было чакаць, ідуць дзьве нізкі вершаў, па характару свайму больш суб'ектыўныя, чым папярэднія. Але і ў іх поэта не замыкаецца ў сваё ізоляванае ад жыцьця "я", — ён зьвязвае іх найчасьцей з грамадзкім станам сваёй краіны.

Пятай нізкай вершаў, будзе нізка "Думы", да якой М. Багдановіч узяў два эпіграфы-першы:

З Израилем певцу один закон:
Да не творит себе кумира он.
E. Бaрaтынскі.

Другі:

De quelque mot profoud homme est le dіscіple.
Усякі чалавек-вучань якогасьці глыбокага слоўца.

Думы агортваюць М. Багдановіча ў кожным вершы гэтае нізкі, і ў кожнай з іх затоена "глыбокае слоўца"; ён задумваецца над зорамі яснымі ў сінім прасторы:

Што-ж там яны, ясныя, бачаць?
Чаго ўсё дрыжаць і дрыжаць?..

Ён задумваецца над родным краем, дзе "сьціснула гора дыханьне у народзе", і ставіць знак запытаньня:

Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!

Ён верыў у дзень вызваленьня:

Ён, гэты дзень, яшчэ настане,
І ачуняе старана!

І верыў, што будзе канчатковая перамога за гэтым днём. Але ўсё-ж у яго "думах" адчуваецца нейкая двуіснасьць, пачатак інтэлекту і эмоцыі:

Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьце з душы бяжыць

Верш з гэтай нізкі "Жывеш ня вечна чалавек" мае эпіграф:

... passe sans laіsser mème
Son ombr le mur.
... праходзіць, ня кідае нават
І ценю свайго на сьцяну.
Віктар Гюго.

Ня менш цікавым за эпіграф зьяўляецца і сам верш, прысьвечаны жыцьцю чалавека, які павінен жыць "і цэльнасьці шукаць", але