Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Максім Багдановіч першы раз прыехаў на Беларусь і якраз у Вільню ў 1911 г. Яму тут сярод працаўнікоў "Нашай Нівы" ўдаецца бліжэй пазнаёміцца з беларускай этнографіяй і гісторыяй. "Асабліва глыбокае ўражаньне на Багдановіча зрабілі рукапісы старасьвецкіх славянскіх кніг, а так-жа слуцкія паясы, якія ён некалькі разоў пераглядаў".

"Гэта ёсьць фундамант нашага адраджэньня! Гэта і за тысячу гадоў будзе сьведчыць за нас!"—казаў М. Багдановіч аб помніках нашай старасьвецкай культуры. Ня меншае ўражаньне на яго зрабіла і Вільня.

Лета гэтага году яму ўдаецца правесьці ў адней вёсцы на Віленшчыне. Не змарнаваў М. Багдановіч там дарма часу,—з-пад яго пяра зьяўляюцца тры новыя нізкі вершаў "Старая Беларусь" "Места" і "Maдонны".

Да нізкі вершаў "Старая Беларусь" ён бярэ эпіграф з Я. Купалы:

Ўсе прайшло мінула.
Як і ня было.
У канцох паснула,
Зельлем зарасло.

І вось ён гэта мінулае, якое "у капцох заснула", уваскрашае, прымушае нанова жыць у сваіх вершах, як: "Летапісец“, "Перапішчык", „Кніга“, „Слуцкія ткачыхі“, „Безнадзейнасьць" і ў іншых, ад якіх сапраўды павявае жыцьцём старасьветчыны, з яе летапісцам "у манастырскіх мурох", які верыць, што ўсё мінулае

... у спамінах, устане, ажыве,
Калі знойдуць яго няхітрае пісаньне;

з яе перапішчыкам, які:

На чыстым аркушы, прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром.
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радкамі
Чырвоную страку: усякімі цьвятамі
Рознакалернымі галоўкамі зьвяроў,
І птах навіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь—даволі ссьць знароўкі—
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі.
І загалоўкі ўсе,-няма куды сьпяшыць!

з яе залатымі паясамі, з яе слуцкімі ткачыхамі, рука якіх, забыўшыся, тчэ

Заміж пэрсідзкага узору
Цьвяток радзімы васілька.

Так старасьветчына паўстае перад намі ў гэтай нізцы ў павольным, статычным рытме, што сапраўды адпавядае зьместу і настраëвасьці саміх мотываў, і мы адчуваем сапраўды "як вее сьвежасьцю яе краса жывая!"

Нізка вершаў „Места“ мае такі эпіграф:

Ты-чарователь неустанный,
Ты-не слабеющий магнит,
В. Брусаў.

Гэта нізка мае і свой уласны ўступ, сваю увэрцюру, у якой поэта зазначае на зьмену мотываў сваіх песень, як мотывы вясковыя дапаўняюцца мотывамі гарадзкімі, у якіх ёсьць свая уласьцівая краса, якой "іскры жала" ён адчувае; дазвольце-ж поўнасьцю прывесьці гэту увэрцюру:

Зьвярнуў калісь Пэгас на вулкі
З прывольных палявых дарог.—
І пакаціўся топат гулкі
І іскры сыпнулі з-пад ног.