Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўдаецца ў аднэй-дзьвюх строфах даць цэлы малюнак, поўную політуру фарбаў, цэлую гаму перажываньняў. Для ілюстрацыі возьмем верш „Над возерам":

Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы сьвеціць.
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.

Ў іх русалкі заблуталі косы,—
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці.
Ноч плыве над зямлёй, сее росы.
Ноч шапоча русалкам: "засьніце".

Дзе першакрыніца, генетычнасьць такіх мотываў у поэзіі М. Багдановіча?-Вядома, ня уплывы чужаземных літаратур, а беларуская народная творчасьць, з сваёй багатай міфолёгіяй. Народную творчасьць М. Багдановіч добра ведаў,-ён па ёй вывучаў і беларускую мову. Навеяць-жа такія мотывы маглі яшчэ і этнографічныя працы яго бацькі. Аб унутранай стыхіі беларускай поэзіі М. Багдановіч разважаў так:

"Край беларускі лясісты і балоцісты. Вось нам і трэба стварыць поэзію лесу, поэзію дрыгвы. Украінская стыхія-стэп, у нас наша стыхія-пушча і балоты. Тут ёсьць свая адменная краса, адменная рытміка. Трэба іх падгледзіць, знайсьці і вынесьці на шырокі сьвет"...

Зараз пяройдзем да другой нізкі вершаў „Вянка" -"Згукі бацькаўшчыны". Усе вершы гэтай нізкі прасякнуты глыбокім соцыолёгічным зьместам. Тут мы ня маем эпіграфаў з другіх поэтаў. Ды цяжка мусіць было-б наогул адшукаць такія радкі ў чужаземных літаратурах, якія-б маглі зьліцца ў адно з „згукамі бацькаўшчыны"-Беларусі: з соцыяльна-нацыянальнай нядоляй, сумам, сьлязьмі, жалем, болем і г. д. эпіграфам для гэтай нізкі зьяўляецца нядоля самога жыцьця. Тут поэта непасрэдна з самога жыцьця змаляваў: як "ўся ў сьлязах дзяўчына хіліцца да тына", як "каля сьцежкі пахіліўся явар да каліны", як кувае "шэрая зязюля сумным гукам у бары", як "у панурай, цеснай хаце хлопец памірае", як "сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю", як "у чыстым полі вецер вее, павявае", як "пра няшчаснае каханьне нехта запявае", і г. д.

Калі мы бачылі, што у нізцы вершаў у зачараваным царстве М. Багдановіч адчуваў унутраную стыхію беларускай поэзіі, дык ён у гэтай нізцы падыходзіць да беларускай формальна-мастацкай стыхіі, ён тут беларускую поэзію пачынае выводзіць на яе "Забыты шлях", аб якім пазьней у вадным з сваіх артыкулаў пісаў:

"І ўсё-ж, хоць многа шляхоў прайшла пры сваім разьвіцьці наша поэзія, але адзін дасюль яшчэ абмінае яна,-свой родны, беларускі шлях, праложаны праз соткі год народнай песеннай працай. Сотні год народ вытвараў сваю поэзію, вырабляў прынаджаныя да сваёй душы вобразы, параўнаньні, эпітэты, сюжэты, творчыя падыходы. А чым нашы песьняры скарысталіся са ўсяго гэтага? Бадай нічым"[1].

Толькі ён сам, у апошнія гады сваёй творчасьці, вышаў на гэты "Забыты шлях", падарыўшы беларускай найноўшай поэзіі, дасканальныя узоры вершаў на беларускі лад. Ён гэтым увёў сьвежую стыхію і уласьцівую якраз нашай поэзіі-стыхію мастацкага фольклёрызму. Гэтыя абедзьве нізкі вершаў адна другую дапаўняе: першая вызначае унутраную, а другая формальна-мастацкую стыхію поэзіі М. Багдановіча.

  1. "Забыты шлях" - "Вольная Беларусь". 1918 г., № 15.