Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Няйначы, тады ён ужо адчуваў у кветках асеньніх сваю надарваную душу і таму так любоўна вянок з іх сплятаў.

Далей, трэцім эпіграфам, зьяўляецца эпіграф:

Polataj nad groby,
Pіosenka zaloby.
Zyglіnskі.

да вершу "Разрытая магіла". Тут-бы можна было сказаць тое-ж самае, што адносна і першых двох эпіграфаў.

Чацьвертым эпіграфам ідзе:

De la musіque avant toute chose.
P. Verlaіne.
Музыкі перш за ўсе.
П. Верлен.

да вершу „Маёвая песьня". Цікава тое, што М. Багдановіч насіў ня толькі глыбокія перажываньні у сваёй душы, але меў вельмі утончаны поэтычны слух, уласьцівы далёка ня кожнаму поэту. Дзякуючы яму, ён улаўлівае музыку "сінякрылага матылька над белым пухам вішняў":

Навакол усе паветра
Ў струнах сонца залатых.—
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песьня,—
Ціхі ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Напявае яго мне?

Ці-ж не апраўданы эпіграф:

"Музыкі перш за ўсё"?

Пятым і апошнім эпіграфам у гэтай нізцы ідзе эпіграф з Сюльлі Прудома да "Романсу".

Quand luіra cette étoіle, un jour
La plus belle et la plus loіntaіne,
Dіtes-luі qu' elle eut mon amour,
O, dernіers de la race humaіne.

Калі тая засьвеціцца зорка,
Што за ўсе прыгажэй і найдалей,
Вы-апошнія з роду людзкога.
Ёй скажэце: кахау яе я.
Сюльлі Прудом.

Ён таксама ў поўнай сугучнасьці з вершам.

Ці-ж адпавядае назва „У зачарованым царстве" колёрыту і зьместу гэтай нізкі? Перш за ўсе, мы у гэтай нізцы знаходзім такія вобразы як: лясун, русалкі, вадзянік, зьмяіны цар. Ці-ж гэта вобразы рэальнага жыцьця? Бязумоўна-"Зачарованага царства". І гэтыя вобразы ў тэматычнай композыцыі вершаў не зьяўляюцца пабочнымі, а зьяўляюцца як вобразы мастацкага ўвасабленьня лірычнага жыцьця поэты: даюцца яны ў мастацка-суцэльнай закончанасьці. Колёрыт вершаў гэтай нізкі таксама з зачараванага царства:

Чуеш гул?-Гэта сумны, маркотны лясун
Пачынае няголасна граць:
Пад рукамі яго разважаючы сум.
Быццам тысяча крэпка нацягнутых струн.
Тонкаствольныя сосны зьвіняць.

У яго гэткія малюнкі выходзяць надзвычай мастацкімі, ад іх павявае сапраўды сьцюдзёна-цнатлівай красой, чыстым хараством. Яму