Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чына" і 8) "Мадонны". Усе гэтыя цыклі-нізкі аб'яднаны агульнай назвай "Малюнкі і сьпевы", пад якой такі эпіграф:

Этот листок, что иссох и свалился,
Золотом вечным горит в песнопеньи.
А. Фет.

"Вянок" пачынаецца ўступным вершам-увэрцюрай, у якой поэта зьвяртаецца да чытача з аўтахарактарыстыкай свайго зборніку:

Вы, хто любіце натрапіць
Між страніц старых, пажоўклых
Кнігі, ужо даўно забытай,
Блеклы высахшы лісток,
Паглядзіце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцьця.

І сапраўды, аўтахарактарыстыка праўдзівая. Бясспрэчна, у „Вянку" засушаны сьвежыя краскі, сабраны шчырыя думкі і глыбокае пачуцьцё поэты.

Зьвернемся-ж зараз да архітэктонічнага строю паасобных цыкляў нізкаў.

Першай ідзе нізка вершаў "У зачарованым царстве", якая мае такі эпіграф:

O voi, ch’avete gl’intelletti sani
Mirate la dottrina, che s’asconde
Sotto’l velame degli versi strani.
::Dante. Inf. IX.
Вы, што здаровае маеце разуменьне,
Прыгледзьцеся к навуцы, што хаваецца
Пад вэлюмам вершаў дзівосных.
Данте, пекла ІX.

У гэтай нізцы вершаў, апрача агульнага эпіграфу з Дантэ, ёсьць яшчэ эпіграфы і да паасобных вершаў; так верш: "Прывет табе жыцьцё на волі!", мае эпіграф:

Оглянись, и мир вседневный
Многоцветен и чудесен.
А. Фет.

Як гэты так і усе іншыя эпіграфы ў М. Багдановіча не зьяуляюцца выпадковымі, яны зьліваюцца, гучаць у унісон з настроем і зьместам вершу. Сапраўды, ці-ж не адчуем шматфарбнасьці, калі чытаем такія строфы:

Прывет табе, жыцьце на волі,
Над галавой—дубоў павець.
Віднеюць неба, зоры, поле
Праз лісьцяў сець.

Або з другім эпіграфам з гэтай нізкі да вершу: „Плакала лета, зямлю пакідаючы":

Цветы осение милей
Раскошных первенцев полей.
А. Пушкін.

Ці-ж ня зьліўся наш поэта ўсімі перажываньнямі сваёй душы, калі з-пад яго пяра зьявіліся такія поэтычныя, але разам з тым і глыбока-трагічныя радкі, як:

Кветкі асеньнія, родныя, бледныя!
Вырасьлі вы, каб ураз-жа і згінуць.
Можа таму то душа надарваная
Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.