Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён пачаў тварыць, калі меў усяго 15 гадоў, а ўжо ў 25 год (25 мая 1917 г.) яго адзінокага пахавалі на чужыне. Якраз 25 мая 1927 году спаўняюцца дзесятыя ўгодкі са дня яго сьмерці. Гэні яго творчага духу не расьцьвіў поўнай красой, жыцьцё яго замарозіла ў юнацтве. А ён марыў, марыў аб тым, каб найхутчэй Беларусь узгадавала гэнія слова, "які-б паказаў свайму народу ня толькі красу роднай мовы, але даў-бы творы з агульна-людзкімі цэннасьцямі, каб знаньне творчасьці нашага гэнія было абавязковым для кожнага культурнага чалавека ўсяго сьвету". Уміраючы, ён цешыў сябе адным, што мае "Вянок", пра які напісаў, ужо канаючы, такі верш:

У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Вось і зьвернемся да разгляду "Вянка", які вышаў з друку ў 1913 годзе—на 21 годзе жыцьця Максіма Багдановіча.

Перш за ўсё зьвернемся да вонкава друкарскай композыцыі: гэта да вокладкі, тытульнай і да першай пасьля тытульнай старонак. На вокладцы мы бачым нейкі нявыразны малюнак, які напамінае сабою крыху вянок, у сярэдзіне якога такія словы: Максім Багдановіч. Вянок. На тытульнай старонцы апрача назвы ёсьць і знак "лебедзь". На першай-жа старонцы пасьля тытульнай такі надпіс: Вянок на магілу С. А. Палуяна († 8 красавіка 1910 г.). Здавалася-б на першы погляд, што ўсё гэта ня мае беспасрэдных адносін да характарыстыкі кнігі лірыкі. Але-ж у даным выпадку пададзенае вышэй набывае некаторую актуальнасьць, заслугоўвае ўвагі, і вось чаму:

"У часе набору "Вянка*, перад падрыхтоўваньнем першага аркушу, Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч (беларускія культурныя дзеячы) дасталі яшчэ нейкую суму грошы ад княгіні Магдалены Радзівіл на выданьне беларускіх кніжак. Пастаноўлена было паказаць выдавецкую спраўнасьць перад княгіняй, і дзеля гэтага на агалоўнай балоне памешчаны быў лебедзь“, што мела азначаць герб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка). Рысунак на акладку даў я (Ластоўскі) са свайго сабраньня. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (ня памятаю яго прозьвішча) Шпыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючыся правамі выдаўца, дапісаць на кніжцы, да аўтарскага, яшчэ і свой агаловак "Вянок". Выходзіла ня згорш: "Вянок—кніжка выбраных вершаў". А каб апраўдаць перад чытачамі, чаму названа кніжка: "Вянок", я на першым, пасьля агалоўку, лісьце памясьціў разьясьненьне: "Вянок на магілу С. А. Палуяна († 8 красавіка 1910 г.). Зрабіў я гэта бяз ведама аўтара, але асноўваючыся на яго сардэчным адношаньні да нябожчыка Палуяна. Між іншым, калі кніжка вышла, М. Багдановіч быў вельмі здаволены з майго помыслу, што выразіў у форме падзякі вершам."

С. Е. Палуян быў глыбока лірычны поэта ў пару яшчэ юнацкай Творчасьці М. Багдановіча. Між абодвума поэтамі, як відаць, была блізкая таварыская сувязь, бо мы нават і ў „Вянку" на 59 стар. знаходзім цікавы верш, прысьвечаны С. Е. Палуяну, у якім яго поэзію параўноўвае з зоркай, што "у цемні ляціць, усіх чаруючы сьветам сваім."

Усе вершы ў "Вянку" М. Багдановіч разьбіў, згодна тэматычным асаблівасьцям, на восем цыкляў-нізкаў: 1) нізка вершаў "У зачарованым царстве", 2) нізка вершаў "Згукі бацькаўшчыны", 3) нізка вершаў "Старая Беларусь", 4) нізка вершаў „Места“, 5) Думы", 6) нізка вершаў "Вольныя думы", 7) нізка вершаў "Старая спад-