Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зуху, гаворыць: "А што, смачна? Цёпленька?... Га?... Каля самага сэрцайка дзявочага... Пэўна чуеш, як яно бедненькае трапечыцца. Выгадна табе тут, як нідзе, нікому"... Між іншым, звычайны іскрысты жарт не пакідае яе і тут, у момант высокага ўздыму яе маладога пачуцьця. Яна хутка пераглядвае пытаньне аб памяшканьні для Якімавай фотографіі і, дастаўшы яе з-за пазухі, кладзе на палічку пад абразом: "Пасядзі лепш, саколік, за абразікам"―гаворыць яна. "Седзючы гэтак у бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песьцячыся тут―за пазухай у маладой дзяўчыны".

Яскрава вырысоўваецца ў сваіх размовах і Сьцяпан Крыніцкі, гэты "каханенькі, родненькі" (яго звычайная прымоўка), з яго вясковымі прымоўкамі і пагаворкамі, з грубаватымі пратэнзіямі на ролю хатняга деспота і з нескладанай бытавой філёзофіяй, які поўнасьцю ўкладваецца ў улюбёнай ім формуле: "дзьве дзюркі ў носе і скончылося". Добра абмаляваны і Пранцісь Пустарэвіч, няшчасны "вось-цо да", па азначэньню яго жонкі,―які вечна прыхлёбвае з пляшкі, якую носіць у кішэні, і які асабліва любіць выпіць, як ён гаворыць, "хаўтурнага" па ўсякай прыгодзе―і па разьбітай Паўлінкай місцы, і па разарванай Сьцяпанам Крыніцкім фотографічнай картцы Якіма. Абедзьве жонкі, і Альжбета Крыніцкая і Агата Пустарэвіч, таксама характарызуюць сябе даволі выразна і сочна: яны―добрыя гаспадыні, якія моцна заціснулі ў кулак сваё шляхоцкае дабро; яны поўнасьцю пад уладай свайго дамастрою і сваёй прывычкі да напаўп'яных мужоў; але разам з тым гэта не перашкаджае ім вечна бурчэць і надзяляць мужоў сварлівымі эпітэтамі: „гнілая качарэжка", "несьвянцоная костка", "недарэка“, "кукса-морда". Пан Адольф Быкоўскі і сам сябе азначае трапна і знаходзіць сабе яскравае выражэньне ў размовах другіх дзеючых асоб. Па словах Сьцяпана Крыніцкага—гэта "хлапец шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасьцяй і ўсё такое". Разам з тым ён чалавек груба-практычны і з разрахункам: ён шукае нявесту набагацей і "пасаг нюхае, бо нос мае". У ім два абліччы: калі ён важнічаючы гаворыць у гасьцёх: "я толькі да маладых маю імпэт", дык ад гэтага заноснага слова "імпэт" вее заходняй культурай, якая чуць-чуць зачапіла пана Адольфа; а калі ён, захапляючыся Паўлінкай, гаворыць: "Вот так на ўсе бакі дзеўка. Адным словам, як сторублёвая кабыла", яго знадворная культурнасьць мутнее, і з яго ўпарта прэ грубаваты вясковы кулак-уласьнік.

Размовы ў гэтай п'есе вельмі колёрытныя: яны кладуцца на паасобныя фігуры дзеючых асоб, як сочныя мазкі флёмандзкага малярства, і ўсяму шляхоцкаму быту, узятаму ў цэлым, даюць двухкалёрную афарбоўку―спрадвечную, беларускую і наносную, заходнюю, абумоўленую польскім уплывам. Часта аўтару ўдаецца адным яскравым зваротам, які ўзяты з жывога напластаваньня народнай мовы, выявіць вядомую сытуацыю, асьвятліць псыхіку данае асобы, кінуць некалькі трапных мазкой на той ці іншы бытавы малюнак. "Ой, гэтыя бацькі", з гораччу гаворыць Якім аб сваім няўдачным сватаньні да Паўлінкі. "І чаму гэта ня родзяцца на сьвет дочкі без бацькоў!" і ў гэтым жартлівым выразе ўся трагікомічная сытуацыя гэтага драматычнага моманту. Зацікаўленасьць сваёй дачкі ў невядомым прэтэндэнце на яе руку Сьцяпан Крыніцкі азначае ў форме пагаворкі: "Ага, ні села, ні пала, захацела баба сала". А магчымасьць замены гэтага прэтэндэнта другім, менш зайздросным на пасаг, ён таксама ўкладвае ў трапны выраз пагаворкі:

"Ня будзе Гірша, будзе чорт іншы". Пра сваіх гасьцей, аб якіх ён, як заўзяты рупны гаспадар меней клапоціцца, чым аб іх конях,