Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не па хронолёгічнаму прынцыпу, а па прынцыпу ўнутранога сваяцтва — лірычнай радні вершаў, а ўжо пасьля гэтыя цыклі, разьдзелы ізноў-жа ў пэўнай композыцыйнай паступовасьці групуюцца ў асобныя зборнікі, кнігі. Вось чаму кніга лірыкі павінна зьяўляцца ня простым, не выпадковым зборам вершаў, у якім папала парадку, але, як і сам верш, нечым органічным, суцэльным і закончаным.

У складаньні кнігі лірыкі выяўляецца творча-будаўнічая воля поэты. Кожны поэта, які хоча прыдаць сваёй кнізе лірыкі архітэктонічную стройнасьць, шмат павінен падумаць над цыклізацыяй сваіх вершаў і над загалоўкамі гэтых цыкляў, а таксама і над загалоўкам самое кнігі. Бо гэтыя загалоўкі павінны зьяўляцца трапнай характарыстыкай цыклю або цэлай кнігі.

Апрача падзелу на цыклі, амаль кожная кніга лірыкі яшчэ мае прадмову,—часамі ў прозаічнай, а часамі ў вершаванай форме. Зьмест гэтых прадмоў бывае рознастайны: то у ёй поэта вызначае гісторыю кнігі, то часамі яе формальна-мастацкую програму, то аўтахарактарыстыку, то прысьвечаньне, то што-небудзь іншае. За прадмовай часта ідзе ўступны верш, які зьяўляецца агульным зьвяном для ўсіх цыкляў кнігі, яго прынята называць уверцюрай. Бывае часта, што хніга лірыкі заканчваецца асобным самастойным вершам, які называецца фінальным. У уверцюры і фінальным вершы поэта стараецца сабраць характэрныя фарбы і колеры, акорды і гукі з усіх цыкляў. Яны зьяўляюцца нярэдка найвышэйшай нотай лірычнага гучаньня кнігі. Часамі здараецца, што і паасобныя цыклі кнігі маюць увэрцюру і фінальны верш. Значнае месца ў архітэктоніцы цыкляў, але найчасьцей паасобных вершаў, займаюць так званыя эпіграфы. Яны бываюць дваякага роду: або з сваіх уласных вершаў, або з вершаў іншых поэтаў. Бязумоўна, не заўсёды поэта, складаючы сваю кнігу лірыкі, мае на ўвазе такія сур'ёзныя архітэктонічныя заданьні, але-ж і нельга іх зусім адмаўляць" (А. Барычэўскі).

Прадметам майго артыкулу якраз і зьяўляецца разгледзіць з гэтага пункту погляду „Вянок" Максіма Багдановіча.

Максім Багдановіч — адзін з найвялікшых поэтаў пары адраджэньня ў беларускай літаратуры. Ён у сваёй поэзіі паказаў ня толькі хараство, красу роднай яму краіны Беларусі, якую ён так задушэўна, шчыра і моцна кахаў; ён ня толькі яе абвеяў глыбока-лірычнымі песьнямі,-але ён таксама ў сваёй поэзіі адбіў і агульна-людзкія імкненьні і настроі. Ён і самыя ўзвышаныя і самыя звычайныя будзённыя рэчы, калі яны рабіліся прадметам яго творчасьці, умеў заўсёды густоўна, памастацку выявіць, -гэта адна з характэрных рыс яго творчасьці. У яго поэзіі беларускае мастацкае слова стала пералівацца адценьнямі ўсіх колераў сучасных яму дасягненьняў заходня-эўропэйскіх літаратур у асобе школ: імпрэсыонізму і сымболізму. Хоць, праўда, можа гэта стыхія была крыху чужая для тагочаснай беларускай поэзіі. Але-ж формальна-мастацкія асаблівасьці поэзіі М. Багдановіча далёка ня вычэрпваюцца гэтым, — яны куды больш рознастайны. Ён унëс у нашу поэзію і стыхію сьвежую, самабытна-беларускую, аб якой гутарка будзе ніжэй. Ён падарыў беларускай літаратуры ўзоры мастацкіх перакладаў, пачынаючы з твораў антычных поэтаў і канчаючы творамі францускіх сымболістых. Ён ахмяляўся творамі вялікіх поэтаў, — яны былі для яго заўсёды асалодай, уцехай у цяжкія хвіліны жыцьця. Ён гаварыў: "калі сумна, бяры з якіх-небудзь клясыкаў вершы, дэклямуй сам сабе, тады зробіцца лёгка на душы, знойдзеш уцеху". Ён сваёй творчасьцю блізкі, родны і дарагі нашаму пакаленьню. Ён сказаў у ёй аб жыцьці Беларусі, а сам адышоў ад гэтага жыцьця,