Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я. Плашчынскі

КНІГА ЛІРЫКІ, ЯК МАСТАЦКАЕ ЦЭЛАЕ

Перажываньні і настроі поэты вельмі рознастайны, як рознастайна і само жыцьцë; у сапраўды таленавітым лірычным вершы яны, амаль, заўсёды органічны, суцэльны і закончаны. У такім вершы і ідэя ў сваёй гордай постаці (хоць, праўда, найчасьцей пасьля доўгай упартай барацьбы) гарманічна зьліваецца з акордамі слоўных гучаньняў, якія радзіліся на звонкіх струнах перажываньняў поэты.

Амаль кожны поэта ў сваёй асобе двуісны,—у ім жывуць: чалавек-поэта і чалавек-грамадзянін, і, трэба падкрэсьліць, не заўсёды у злагадзе. Вось чаму ў жыцьці кожнага поэты ёсьць хвіліны будзённыя, прозаічныя, у якія ён нічым не адрозьніваецца ад кожнага "сьмертнага", але апрача гэтых—у поэты ёсьць і ўрачыстыя хвіліны, дадзеныя толькі яму, хвіліны яго эмоцыянальнага жыцьця, у якія ўся яго істота ахоплена творчым полымем, у якія ён творыць новае жыцьцё і аздабляе яго васількамі красы, бо-ж яна і зьяўляецца, фактычна, канчатковай мэтай творчасьці кожнага сапраўднага поэты. Я адчуваю, што некаторыя "поэты" пачынаюць моршчыцца і гатовы ўхапіцца за гэты выраз, як за "атэістычны". Але-ж даруйце, гэта краса не для самое сябе, не для красы, а як вялікі соцыяльны чыньнік. Мастак слова—поэта, які хоча, каб творы яго адыгралі значную соцыолёгічную ролю, павінен схіляць чало перад красой, і падняцца "да тэй ідэальнасьці, якая дасягае свайго найвялікшага удасканаленьня, як вобраз Мадонны ў мастацтве Рафаэля". Гэтымі апошнімі словамі не ўпадаю я ў містыцызм, а прыводжу іх усяго як вобразную ілюстрацыю, узятую з пэўнай гістарычнай квадры.

Шлях поэты, ня ўсыпаны срэбнымі зорамі. Колькі творчых мук, колькі крыўды, горачы і смутку павінен перажыць поэта, пакуль выйдзе на ўласны сьветлазорны шлях. Кожны дзень яго сэрца крывавіцца сьвежымі ранамі за лёс братоў, сясьцёр, краіны і г. д. Затое ён мае вялікае шчасьце лірычнага жыцьця. Асобныя вершы—толькі слоўныя сымболі гэтага жыцьця". (А. Барычэўскі).

Бывае, што якая-небудзь праява выклікае шэраг блізкіх, але разам з тым і адменных у сваіх дэталях перажываньняў і настрояў, вынікам якіх у поэты зьяўляюцца вершы, хоць тэматычна і родныя, але эмоцыянальна-формальна маюць розныя адценьні. Дазвольце прыведзеную думку ілюстраваць такім прыкладам: каханьне, колькі яно выклікае розных перажываньняў настрояў—то пяшчотна-ласкавых, то гнеўна-ненавісных, то радасна-сьветлых, то маркотна-хмурых, якім Гэнрых Гэйнэ прысьвяціў большую частку ўсёй сваёй задушэўнай лірыкі. Так і з другімі праявамі, ці то суб'ектыўнага, ці то зьнешнеоб'ектыўнага парадку. Вось чаму ў поэтаў і зьяўляюцца вершы; хоць хронолёгічна часамі і далёкія, але органічна зьвязаныя між сабою. Адсюль патрэба групаваць гэтыя вершы ў цыклі, разьдзелы і якраз