Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нымі бакамі—даволі пуката выступае некаторая аднароднасьць і аднастайнасьць у тых якасьцях іх натуры, насіцелямі якой яны зьяўляюцца. Сама манера эпічнага апавяданьня—об'ектыўнага апавяданьня, якая набліжвае поэмы да гэроічных эпопей, таксама ўласьціва галоўным чынам клясычнаму кірунку. Сюды-ж належыць і пасьлядоўнасьць апавяданьня, якая разгортвае перад чытачом адзін вобраз за другім, у парадку іх хронолёгічнай і лёгічнай паступовасьці.

Другія зьявы формы, а таксама і тэматычны бок поэм поўнасьцю характарызуюцца наяўнасьцю стылю другога парадку, стылю романтычнага.

Тэматыка поэм Я. Купалы значна адрозьніваецца ад зьместу эпопэй клясыцызму. Там, як вядома, абрысоўваецца здарэньне высокай важнасьці або нацыянальнага, або гістарычнага парадку. Звычайнымі мотывамі ў іх зьяўляюцца вялікія нацыянальныя войны і выдатныя праслаўленыя гэроі з іх высокімі ўчынкамі і непараўнанаю адвагаю. Тут-жа, у поэмах Я. Купалы, фабула новэльлістычнага парадку. Дзеяньне грунтуецца на фактах індывідуальнага жыцьця гэрояў, якія ня маюць высокага значэньня ў нацыянальнай і політычнай гісторыі народу. Гэта—асобныя асабістыя выпадкі, якія, аднак, афарбоўваюцца ў значнай меры фарбамі соцыяльнай уласьцівасьці. Гэтая соцыяльнасьць, як проблема чалавечай культуры і жыцьця, надае, аднак, фактам індывідуальнага быцьця гэрояў, якія знаходзяцца ў аснове поэм, уласьцівасьці пэўнай высокасьці і значнасьці сфэры адносін культурнага характару. У гэтых уласьцівасьцях чуецца аддаленая рэміністэнцыя аб высокіх тэмах эпічных твораў клясыцызму, але гэты водгук нязначнай сілы і напружанасьці. У агульным выніку тэматычны бок належыць стылю романтычнаму. Прычым у разьбіраных поэмах яна падзяляецца нераўнамерна. Калі з гэтага пункту гледжаньня разгляданыя творы разьмясьціць у адпаведным лёгічным парадку, то на больш далёкай адлегласьці ад романтычнага ўплыву акажуцца поэмы: „Бандароўна", "За што?“, "Курган", "Магіла льва" і на значна блізкай—поэмы "Забытая скрыпка" і "На куцьцю". Тэматыка гэтых двох твораў, што прыймаюць часта фантастычныя ўласьцівасьці, носіць пэўны романтычны характар, значна набліжаючыся да такіх жанраў гэтага стылю, як баляды. Асабліва гэта трэба сказаць аб поэме, "На куцьцю", якая носіць у значнай мэры балядны характар.

У дачыненьні формальных зьяў стыль гэтага парадку характарызуе наяўнасьць у поэмах стыхій лірычнай і размоўнай, якія, як было зазначана раней, уносяць у об'ектыўнае апісаньне паступова разьвіваючыхся здарэньняў пэўную ўсхваляванасьць і напружанасьць.

Стылістычнае пабудаваньне гэтых стыхій таксама зусім суладжана з іх агульным характарам. Як размова, так і лірычныя адступленьні пабудованы на зьявішчах, якія выклікаюць эмоцыянальную напружанасьць; ужо гаварылася, што тая і другая стыхія ўжываюцца мастаком у тых выпадках, калі здарэньні твораў дасягаюць верхавіны свайго разьвіцьця і ў самай прыродзе ўжо заключаюць значную частку афэктацыі і страсьці. Гэтыя настроі ахопліваюць і гэрояў, што рушаць дзеяньне, утвараючы ў агульным выніку настрой дэклямацыйнага пафасу. Для выражэньня гэтай падкрэсьленай экспрэсыўнасьці мастак ужывае такія мастацкія прыёмы стылю, якія, менавіта, і перадаюць эмоцыянальную настроенасьць, гэта — пытаньні, клічы, звароты і г. д.

Ужываньне асобных зьявішч стылю таксама вызначае, менавіта, романтычную манеру творчасьці нашага пісьменьніка. Ужо было зазна-