Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Таксама, калі пан Патоцкі хоча зьвярнуць увагу Бандароўны на сябе і

Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна...

пісьменьнік перарывае сваё апавяданьне грознаю перасьцярогаю:

Асьцярожна, пан Канеўскі!
Будзе ліка, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
Есьць і ў простым людзе! (148)

У такой-жа форме перасьцярогі паўтараецца некалькі і далей:

Асьцярожна, ясны пане,
З грозьбамі сваімі! (149)

Ёсьць і яшчэ шэраг прыкладаў гэткага-ж характару для гэтага прыёму (стар. 149, 150, 154, 155, 157).

Багата клічаў і ў поэме „Забытая скрыпка" асабліва ў той яе частцы, дзе выкладаецца песьня, якой акомпануюць на "Забытай скрыпцы":

Слаўся, сьвятая дабыча!
Пан я сягоньня ўсіх ніў!
Песень маіх не паліча
Той аж, хто зоры зьлічыў!
Птушкаю з выраю буду.
Пеці зязюлькай пачну.
Радаўніц жалямі люду.
У вочы цікава зірну!..
Грай-жа ты, скрыпка жывая,
Кожнай разходзься струной!..
Гэй-жа, за мною, са мною!
К сонейку шлях пакажу!

У рэшце поэм клічныя сказы таксама ёсьць, але ў значна меншай колькасьці ("Магіла льва", стар. 135, 136, 137, 146; "На куцьцю" ― 194, 195; "Курган" 217, 218, 219, 220).

З агляду разгледжаных прыналежнасьцяй стылістычнай композыцыі відаць, што поэта карыстаецца ў сваёй творчасьці адначасна прыёмамі стылю клясычнага і романтычнага. Лікавая пераважнасьць, аднак, належыць прыёмам другога парадку.

V.

Асаблівасьці тэматыкі ў поэмах Я. Купалы іх композыцыйнага пабудаваньня, а таксама і зьяў стылістычнага характару прымушае дасьледчыка бачыць у гэтых творах наяўнасьць двух, аб якіх ужо гаварылася, стыляў літ-ры, якія прыведзены, аднак, да пэўнага гармонічага сынтэзу.

Стыль першага парадку―клясычны―характарызуе сабою толькі некаторыя зьявішчы тэматыкі і формы разгледжаных поэм. У гэтым кірунку характэрную прыналежнасьць іх складае манера падзяленьня ўсіх гэрояў на дзьве групы―пэрсонажаў з дадатнімі рысамі з сялянскага асяродку, і з адмоўнымі―з вышэйшае клясы. Гэтая рыса, як вядома, зьяўляецца свайго роду condіtіo sіne gua non клясычнай поэтыкі. Прыемы выяўленьня дзеючых асоб таксама зьяўляюцца характэрнымі для гэтага-ж стылю. Як вядома, мастак абрысоўвае сваіх гэрояў толькі ў агульных рысах, адзначаючы пры гэтым у іх характары і уласьцівасьцях толькі рысы ідэалізуючага парадку; асабліва гэта трэба сказаць аб гэроях з дадатнымі рысамі. У гэрояў з адмоў-