Старонка:Крытыка Узвышша 1927 01.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чана, што пераважная большасьць эпітэтаў эмоцыянальнага характару, таксама і параўнаньні ў гэтых поэмах у значнай меры сочаць задачы эмоцыянальнай выяўнасьці. Паясьняльныя параўнаньні зрокавага характару, а таксама моторнага, што сочаць мэту плястычнай абрысоўкі прадметаў і характарызуюць стыль клясычны, значна ўступаюць па сваёй колькасьці агульнаму ліку эмоцыянальных параўнаньняў розных відаў; яны гінуць у агульнай масе эмоцыянальных прыёмаў выяўленчай мовы аўтара і ня вылучаюць яскрава і пуката ўласьцівасьцяй клясычнае поэтыкі. Рэшта прыёмаў стылю: мэтафора, паўтарэньне, клічы і пытаньні—у значнай сваёй частцы таксама выконваюць задачы эмоцыянальнага ўплыву на чытача.

Композыцыйнае разьмеркаваньне гэрояў і адносіны іх між сабою зноў характэрны для поэмы, менавіта, романтычнай, такой, што закрасавала асабліва пышна ў эпоху байронізму эўропэйскай літаратуры.

Вызначаючы больш конкрэтныя сувязі паміж поэмамі Я. Купалы і творамі адпаведных стыляў у літаратуры эўропэйскіх народаў, мы павінны перш усяго адзначыць у гэтай галіне пэўную блізасьць іх да таго літаратурнага кірунку, які прынята называць байронізмам. Больш блізкія адносіны да твораў нашага мастака мае тая плынь яго, якая знайшла сваё выражэньне ў літаратуры расійскай і польскай.

Пералічаныя намі асаблівасьці ў стасунку ідэёвасьці і формы, якія характарызуюць стыль романтычнага характару, складаюць належнасьць, менавіта, поэму байронічнай. У формальным стасунку, часткова і тэматычным, разгледжаныя намі поэмы Янкі Купалы блізкі да байронічных поэм у літаратуры расійскай, а таксама і польскай.

З гісторыі расійскай романтычнай поэмы, якая разьвінулася ў пэрыод 20-30 гадоў мінулага стагодзьдзя на тым-жа байронічным грунце, працягваюць свае зьвязваючыя ніткі да поэм Я. Купалы, галоўным чынам, у стасунку формы, а часткова і зьместу, гэткія творы, як „паўднёвыя" поэмы Пушкіна ("Каўкаскі Пленьнік", "Брацьця разбойнікі"). Сюды-ж далучаецца і цэлы шэраг романтычных поэм з асновамі разбойнічага характару. Гэткія таксама поэмы цяпер забытых аўтараў, як „Разбойнік" Машкова, "Пяшчэра Кудзеяра" Сьцяпанова, "Братаўбійца“ Губэра, "Сцэна ў цямніцы" Апалёна дэ*** і інш. Трэба адзначыць, што аснова гэтага роду была асабліва популярная ў сусьветнай літаратуры, і традыцыі яе даходзяць да "Разбойнікаў" Шылера, "Праматерии" Гільпарцера, роману Пушкіна „Дуброўскій" і інш. Але трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што гістарычныя традыцыі захоўваюцца галоўным чынам, у межах формы, г. зн. у стылі і сюжэтным пабудаваньні. Тэматыка поэм нашага мастака знаходзіцца значна далей. У гэтым кірунку яна бліжэй да сучаснай расійскай поэмы, якая, як гэта можна назіраць, цяпер зноў становіцца гэроіняю сярод сучасных літаратурных жанраў. Поэма цяпер пачынае займаць адно з галоўных месц. І калі гэтыя поэмы нашай сучаснасьці параўнаць з поэмамі Я. Купалы, якія мы вывучаем, то акажацца, што ідэёвы бок тых і другіх значна блізкі адзін да другога. У іх таксама разглядаецца пераважна тэмы соцыяльнага характару. Зразумела, па характару зьместу соцыяльнасьць поэм Я. Купалы і поэтаў сучасных рознага характару. Калі ў першых разьбіраецца соцыяльнасьць ва ўмовах мала выгадных для барацьбы да яе, то ў другіх яна выводзіцца ў вобразе, як апофеоз яе перамогі.

З твораў польскай літаратуры бліжэй усяго стаяць да твораў нашага мастака, зноў такі ў стасунку формы, поэмы польскіх мастакоў, г. зв. Украінскай школы, гэта „Мар'я" Мальчэўскага, "Канёўскі Замок" Гашчынскага, "Баллядына" Славацкага, "Дума аб Вацлаве", "Казакі і Украіна", „Русалка" Залескага і інш.